Курс беларускага рубля на таргах зноў зніжаецца
Курс беларускага рубля 28 жніўня зніжаецца да ўсіх замежных валют, якія ўваходзяць у кошык валют Нацыянальнага банка, сведчаць звесткі Беларускай валютна-фондавай біржы.
Так, паводле стану на 10.33 курс еўра з пачатку таргоў вырас на 0,56% да 3,1665 рубля, курс долара — на 0,09% да 2,6636 рубля, курс расійскага рубля — на 0,78% да 3,5688 беларускага рубля за 100 расійскіх.
У абменных пунктах долар банкі прадаюць за 2,74—2,81 рубля, еўра — за 3,25—3,3 рубля, расійскі рубель — за 3,65-3,7 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У апошнія тыдні рост курсаў замежных валют набыў пастаянны характар. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, афіцыйныя курсы долара, еўра і расійскага рубля ў Беларусі ўжо выраслі больш як на 8%.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара і аналітыкі фінансавага рынку адназначна сцвярджаюць, што ў аснове росту курсаў замежных валют ляжаць унутраныя прычыны.
„Калі падае беларускі рубель да ўсіх замежных валют — гэта сведчыць пра тое, што расце ўнутраны попыт на замежную валюту”, — падкрэсліў фінансавы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.
Эксперт чакае, што ў кароткатэрміновай перспектыве павышаны націск на беларускі рубель захаваецца. „Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца палітычная напружанасць у краіне і ў насельніцтва будзе што канверсаваць, такая сітуацыя на валютным рынку захаваецца”, — прагназуе ён.
Між тым беларускія ўлады падкрэсліваюць, што абвалу нацыянальнай валюты не дапусцяць. „Цяпер ужо ў адкрытую нашы ўнутраныя нягоднікі заклікаюць дэстабілізаваць фінансавы рынак, — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця прамысловасці 27 жніўня. — Некаторыя людзі ж гэтаму паддаюцца — валюту з банкаў забраць і гэтак далей… Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць долар — калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе. У нас плавае курс: попыт вялікі — значыць даражэйшы будзе гэты долар або еўра, попыт меншы — значыць будзе танней каштаваць”.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што Нацбанк не выкарыстоўвае золатавалютныя рэзервы на падтрыманне курсу рубля. „Малайцы ў Нацыянальным банку, урадзе. Як адчуваў: тры месяцы таму паставіў задачу ўсе золатавалютныя рэзервы вярнуць у краіну, асабліва залаты запас. У нас да грама золата вернута ў краіну”, — сказаў ён.
У сітуацыі на валютным рынку Беларусі Лукашэнка не бачыць „катастрофы”: „Так, у нейкіх абменніках калісьці можа не хапаць наяўнасці. Але гэта заўсёды бывае, калі павышаны попыт. Я даручыў Нацыянальнаму банку, каб мы маглі пазбегнуць такой сітуацыі. Людзі хочуць забраць свае грошы або валюту — калі ласка, бярыце. У нас абсалютна дастаткова рэзерваў, каб на прымальным узроўні стрымаць прымальны для нас курс”.