Курс беларускага рубля рэзка знізіўся
У пачатку валютных таргоў 25 жніўня курс беларускага рубля хуткімі тэмпамі зніжаўся да ўсіх замежных валют, сведчаць звесткі Беларускай валютна-фондавай біржы.
Так, на 10.14 курс долара вырас на 1,83% да 2,6021 рубля, курс еўра — на 1,71% да 3,0708 рубля. Курс расейскага рубля таксама пайшоў уверх — павялічыўся на 1,71% да 3,4942 беларускага рубля за 100 расійскіх.
Варта адзначыць, што ў Беларусі апошнім часам рост курсаў замежных валют набыў пастаянны характар. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, долар, еўра і расійскі рубель ужо выраслі больш як на 5%.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара і аналітыкі фінансавага рынку адназначна сцвярджаюць, што ў аснове росту курсаў замежных валют ляжаць ўнутраныя прычыны. „Калі падае беларускі рубель да ўсіх замежных валют — гэта сведчыць аб тым, што расце ўнутраны попыт на замежную валюту”, — падкрэсліў аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб у каментары БелаПАН.
Ён звярнуў увагу, што ў першым паўгоддзі і насельніцтва, і прадпрыемствы выступалі чыстымі пакупнікамі замежных валют. „Улічваючы наяўнае зніжэнне курсу беларускага рубля да замежных валют, можна выказаць меркаванне, што і прадпрыемствы, і насельніцтва павялічылі попыт на замежную валюту. Рост дэвальвацыйных чаканняў, магчыма, прывёў да таго, што насельніцтва канверсуе рублёвую ліквіднасць (у тым ліку ўклады) у замежную валюту”, — мяркуе Іосуб.
Эксперт чакае, што ў кароткатэрміновай перспектыве павышаны націск на беларускі рубель захаваецца. „Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца палітычная напружанасць у краіне і ў насельніцтва будзе што канверсаваць, такая сітуацыя на валютным рынку захаваецца”, — прагназуе ён.
У панядзелак, 25 жніўня, існы націск на валютны рынак прызнаў і Нацыянальны банк. „Апошнім часам на фоне росту дэфіцыту ліквіднасці ў банкаўскай сістэме назіраецца даволі істотны рост крэдытнага партфеля банкаў у беларускіх рублях, што робіць дадатковы націск на ўнутраны валютны рынак”, — растлумачыў Нацбанк і з гэтай прычыны прыняў рашэнне абмежаваць рублёвую падтрымку беларускіх банкаў.
Паводле звестак БелаПАН, рост дэвальвацыйных чаканняў прывёў да павышэння попыту фізічных асоб на рублёвыя крэдыты, якія часта выкарыстоўваюцца для набыцця імпартных тавараў.
На мінулым тыдні рэйтынгавае агенцтва Fitch выказала меркаванне, што палітычны крызіс у Беларусі можа справакаваць рост дэвальвацыйных чаканняў. „Далейшае пагаршэнне палітычнай сітуацыі і даверу ўнутры краіны або працяглае парушэнне эканамічнай дзейнасці можа ўзмацніць дэвальвацыйны націск на беларускі рубель, негатыўна паўплываць на высокадаларызаваны фінансавы сектар і прывесці да скарачэння міжнародных рэзерваў”, — прагназавалі аналітыкі Fitch, каментуючы палітычны крызіс у Беларусі.
Як паведамлялася, пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі больш за два тыдні праходзяць акцыі пратэсту, удзельнікі якіх не прызнаюць афіцыйныя вынікі галасавання і настойваюць на правядзенні новых выбараў. Беларускія ўлады выконваць патрабаванні дэманстрантаў адмаўляюцца.