Курс даляра перавысіў 19.500, еўра – амаль 21.200



На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 14 студзеня 2016 года беларускі рубель працягнуў сваё рэзкае аслабленне да даляра ЗША, курс якога вырас на 188 рублёў да 19.514 рублёў, або на 0,97%.

Згодна са звесткамі біржы, курс еўра вырас на 269 рублёў, або на 1,29%, і склаў 21.197 рублёў.

Курс расейскага рубля вырас на 1,83 рубля (0,72%) да 254,58 рубля.

У асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанк зафіксаваў, што ў 2016 годзе валютны курс будзе вызначацца на аснове попыту і прапановы, валютныя інтэрвенцыі будуць мінімізаваныя. Пры падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2016 год быў закладзены сярэднегадавы курс долара 18.700 рублёў.

Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што беларускі рубель зніжаецца ўслед за расейскім. У сваю чаргу падзенне расейскага рубля адбываецца з-за змяншэння цэн на нафту. Напярэдадні сусветныя цэны на чорнае золата паскорылі зніжэнне на фоне звестак Мінэнерга ЗША аб росце запасаў сыравіны. Пры гэтым марка Brent упершыню з лютага 2004 года абвалілася ніжэй за псіхалагічную адзнаку ў 30 даляраў за бараль.

У чацвер нафта Brent працягвае вагацца блізу 30 даляраў за бараль, робячы спробы падняцца вышэй за гэты ўзровень.

Тым часам сярэднеўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на ММВБ, на падставе якога ўстанаўліваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, да 11.30 чацвярга вырас на 9,55 капейкі, склаўшы 76,5230 рубля. У сераду сярэднеўзважаны курс долара складаў 76,4275 рубля.

belapan.by