Курс даляра ў Беларусі ў 2020 годзе вырасце амаль на 15%



У 2020 годзе сярэднегадавы курс даляра ў Беларусі вырасце ў параўнанні з мінулым годам на 14,4% да 2,39 рубля за даляр. Такі прагноз утрымліваецца ў аглядзе, які падрыхтаваў Еўразійскі банк развіцця.

Нагадаем, у 2019 годзе сярэднегадавы курс у Беларусі склаўся на ўзроўні 2,09 рубля за даляр ЗША.

На думку аналітыкаў ЕАБР, дэвальвацыя ўжо прайшла, і курсы замежных валют у краінах ЕАЭС стабілізуюцца прыкладна на тых узроўнях, на якіх знаходзяцца цяпер. «Паводле нашых ацэнак, у найбліжэйшыя месяцы курсы валют краін – удзельніц ЕАБР да даляра ЗША захаваюцца паблізу бягучых узроўняў пад уплывам слабой цэнавай кан’юнктуры на сыравінных пляцоўках і ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў», – гаворыцца ў аглядзе ЕАБР.

У 2021-м, згодна з прагнозам банка, сярэднегадавы курс даляра ў Беларусі складзе 2,42 рубля за даляр, у 2022-м – 2,48 рубля за даляр.

Аналітыкі ЕАБР адзначаюць, што ў сакавіку беларускі рубель знізіўся ў адносінах да даляра ЗША на 15,5% кошту, да еўра – на 15,3%, да расейскага рубля – умацаваўся на 1,5%.

«На курс беларускага рубля мела націск павелічэнне чыстага попыту на замежныя валюты з боку насельніцтва і прадпрыемстваў на фоне ўзмацнення валацільнасці на сусветных фінансавых і таварных рынках. З мэтай абмежавання рызыкі фінансавай стабільнасці Нацыянальны банк павялічыў абʼёмы валютных інтэрвенцый для згладжвання рэзкіх ваганняў курсу», – адзначаюць аналітыкі ЕАБР.

Паводле ацэнак еўразійскага банка, Нацбанк Беларусі «ў сакавіку прадаў на біржавых таргах на чыстай аснове 865,5 млн даляраў ЗША ў эквіваленце (311 млн долараў ЗША за месяц да таго)».

«Згодна з прагнозам ЕАБР, паступовая стабілізацыя сітуацыі ў сусветнай эканоміцы і на глабальных пляцоўках на працягу гэтага года будзе спрыяць аслабленню націску на нацыянальную валюту Беларусі, што дазволіць ёй часткова адыграць страчаныя пазіцыі», – гаворыцца ў аглядзе.

Варта зазначыць, што сёлета на валютным рынку Беларусі назіраюцца рознанакіраваныя ваганні курсаў замежных валют. Так, у студзені–сакавіку курс даляра ў Беларусі пастаянна павялічваўся на фоне зніжэння сусветных цэн на нафту і курсу расейскага рубля. За студзень–сакавік афіцыйны курс даляра вырас на 23,8% да 2,6 беларускага рубля за даляр.

У першай палове красавіка на фоне аднаўлення сусветных цэн на нафту і ўмацавання курсу расейскага рубля даляр у Беларусі патаннеў да 2,45 беларускага рубля. На гэтым тыдні, у сувязі з чарговым зніжэннем цэн на нафту, даляр зноў стаў даражэць. З пачатку тыдня афіцыйны курс амерыканскай валюты вырас на 2% і дасягнуў на сёння амаль 2,5 рубля.

Па выніках валютных таргоў 22 красавіка курс даляра склаў 2,49 рубля, курс еўра – 2,7 рубля, курс расейскага рубля – 3,25 беларускага рубля за 100 расейскіх. З пачатку года курс даляра ў Беларусі вырас на 18,6%, курс еўра – на 14,9%, курс расейскага рубля знізіўся на 4,1%.

БелаПАН