Курс даляра ЗША пераадолеў мяжу ў 2,5 беларускага рубля



Курс долара на адкрыцці таргоў Беларускай валютна-фондавай біржы 19 сакавіка зноў устанавіў чарговы рэкорд, сведчаць дадзеныя таргоў.

Нагадаем, па выніках таргоў 18 сакавіка курс амерыканскай валюты вырас на 7,40 капейкі, або на 3,13%, і склаў 2,4413 рубля за долар. Курс еўра вырас на 5,05 капейкі (1,92%) і склаў 2,6840 рубля. Курс расійскага рубля знізіўся на 3,38 капейкі (1,06%) і склаў 3,1913 беларускага рубля за 100 расійскіх.

Таргі ў чацвер, 19 сакавіка, пачаліся з чарговага росту курсаў замежных валют. Курс долара вырас на 3,9% да 2,5364 рубля за долар, еўра падаражэў на 2,9% да 2,7622 рубля. У той жа час курс расійскага рубля знізіўся на 1,42% да 3,1128 беларускага рубля за 100 расійскіх.

Аналітыкі беларускага фінансавага рынку звязваюць змяненне курсу з падзеямі ў Расіі.

„Увечары ў сераду цэны на нафту на сусветным рынку апусціліся ніжэй за 25 долараў за бараль, гэта пацягнула ўніз курс расійскага рубля і сёння, у чацвер, адбілася на курсе беларускага рубля да замежных валют”, — канстатаваў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.

Ён адзначыў, што на нафтавым рынку працягваецца цэнавая вайна, Сірыя прапаноўвае нафту з вялікім дысконтам, і гэта правакуе далейшае зніжэнне цэн на нафту.

„Пакуль складана прадказваць, чым можа скончыцца гэтая цэнавая вайна на нафтавым рынку. Аднак, мяркуючы па ўсім, расійскія ўлады ўжо сталі прадаваць у чацвер валюту, каб згладжваць валацільнасць на валютным рынку”, — адзначыў Палхоўскі. На яго думку, пастаянны рост курсаў замежных валют можа спарадзіць ірацыянальныя паводзіны насельніцтва і гэтага не варта дапускаць.

У сваю чаргу старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб лічыць, што рэзкія ваганні на валютным рынку не павінны выклікаць паніку на ўнутраным фінансавым рынку. „Чэргаў ў абменных пунктах не будзе. Раней, калі курсам у Беларусі кіравалі ў ручным рэжыме, у краіне быў дэфіцыт замежнай валюты, а цяпер дзякуючы плаваючаму валютнаму курсу гэтага няма. Таму няма асаблівага сэнсу ісці ў абменнікі і станавіцца ў чаргу за замежнай валютай”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН Іосуб.

Што да рэакцыі насельніцтва на рынку дэпазітаў, то многае будзе залежаць ад падзей на валютным рынку, лічаць эксперты.

„Сітуацыя па ўкладах будзе карэляваць з дынамікай расійскага рубля. Калі апошні будзе слабець, то і ў Беларусі будзе такая ж карціна, што непазбежна адаб’ецца на прывабнасці рублёвых дэпазітаў. Калі сітуацыя на валютным рынку пачне стабілізавацца, то люстраную сітуацыю мы будзем бачыць і на рынку ўкладаў”, — адзначыў Палхоўскі.

Пры гэтым эксперты звяртаюць увагу, што значная частка дэпазітаў фізічных асоб з’яўляюцца безадзыўнымі.

„На фоне росту курсу долара жаданне ў насельніцтва перавярнуць рублёвыя ўклады ў валютныя можа з’явіцца. Аднак чыста тэхнічна гэта будзе зрабіць цяжка з прычыны таго, што львіная доля ўкладаў адносіцца да безадзыўных дэпазітаў”, — падкрэсліў Іосуб.

Як паведамлялася, Нацбанк на мінулым тыдні заявіў, што з-за валацільнасці на валютным рынку не стане адмаўляцца ад цяперашняга рэжыму курсаўтварэння — плаваючага курсу.

„У гэтых умовах менавіта гнуткі плаваючы курс дазваляе адэкватна рэагаваць на кан’юнктурныя шокі і пры гэтым не дапускаць дыспрапорцый у суадносінах попыту на замежную валюту і яе прапановы на ўнутраным валютным рынку”, — падкрэслілі ў прэс-службе Нацбанка.

belapan.by