Курс долара да канца года наўрад ці перасягне Br2,05, еўра – Br2,40 – эксперт
Курс долара да канца 2017 года не перасягне Br2,05, еўра – Br2,40. Такі прагноз агучыў 23 лістапада ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА дырэктар ТАА „Альпары Еўразія” Аляксандр Сабодзін.
„Калі не адбудзецца адмовы ад бягучай грашова-крэдытнай палітыкі і рэжыму курсаўтварэння (а прычын для такой адмовы мы не бачым), то стабільнасць на валютным рынку захаваецца і ў далейшым, а пра дэвальвацыю беларускага рубля можна будзе толькі прачытаць у падшыўках старых газет. Патэнцыял росту валютнай карзіны да канца года абмежаваны 2 працэнтамі, гэта значыць, што пры іншых роўных умовах пры адсутнасці моцных ваганняў сусветных валют адносна адна адной рост кожнай валюты карзіны не перавысіць гэтыя самыя 2 працэнты. Гэта значыць, да канца года курс долара ЗША не парасягне Br2,05, курс еўра не перасягне Br2,40, а расейскі рубель будзе абмежаваны ўзроўнем Br3,45 за 100 расейскіх рублёў”, – сказаў эксперт.
Пры гэтым Аляксандр Сабодзін удакладніў, што пэўныя карэктывы ў гэты сцэнарый можа ўнесці апошняе пасяджэнне Федэральнай рэзервовай сістэмы (ФРС), якое пройдзе ў сярэдзіне снежня. „Ад яго чакаюць пэўных рашэнняў наконт працэнтнай стаўкі і скарачэння балансу ФРС. Гэтыя рашэнні могуць справакаваць сур’ёзны рух курса еўра адносна долара. У гэтым выпадку можа адбыцца і істотнае (але процілеглае па напрамку) змяненне гэтых валют да беларускага рубля. Але на сам рубель, з пункту гледжання кошту валютнай карзіны, гэта ніяк не паўплывае”, – падкрэсліў ён.
Што датычыцца 2018 года, то, на думку дырэктара ТАА „Альпары Еўразія”, стабільнасць на валютным рынку захаваецца. Валютная карзіна будзе расці прыблізна прапарцыянальна інфляцыі, а курсы асобных валют па-ранейшаму будуць у большай ступені залежаць ад іх узаемных ваганняў на міжнародным валютным рынку.
„Адмова ад адміністрацыйнага курсаўтварэння і строгай прывязкі да долара, а таксама пераход на плаваючы курс даюць свой плён. Сітуацыя на валютным рынку стабілізавалася, валютная карзіна вырасла з пачатку года толькі на 5 працэнтаў. Паводзіны асобных валют сталі больш залежаць ад сітуацыі на сусветных рынках. У прыватнасці, апераджальны рост курса еўра пры невялікім росце курса долара ЗША стаў вынікам умацавання еўра да долара на сусветным валютным рынку. Пры гэтым стабілізацыя на валютным рынку прывяла да непрывычнай для некаторых з нас сітуацыі. Замежная валюта можа не толькі расці ў цане, але і падаць. І падзенне гэта можа доўжыцца месяцамі. У выніку прапаў стымул да паводзін „у любой незразумелай сітуацыі купляй валюту”. Як вынік, насельніцтва ўжо амаль два гады выступае чыстым прадаўцом валюты на рынку, гэта значыць, прадае яе больш, чым купляе”, – канстатаваў Аляксандр Сабодзін.