Кветкавы бізнэс на Палессі
На берасцейскім Палессі пашыраецца колькасць прыватных фермерскіх гаспадарак. Тычыцца гэта не толькі клубніцаў, агурцоў, морквы ці маліны, але і кветак. Адна з такіх гаспадарак належыць сям’і Баліцкіх з Лунінеччыны, якая ўжо больш за пяць гадоў займаецца вырошчваннем кветак.
– Я настаўнік па адукацыі. Займалася школай, дзяцьмі, бацькамі і г.д. Пачынала з пачатковых класаў, потым скончыла біялагічны факультэт Берасцейскага педінстытуту. Таму расліны мне блізкія, вельмі, на вучобу ездзіла з задавальненнем. Напэўна ў мяне закладзена гэта ўсё, – кажа гаспадыня Алена Баліцкая.
Кветкі Баліцкія вырошчваюць у цяпліцах, камбінуючы з рознымі гатункамі і тэхналогіямі. Усяго ў іх можна налічыць каля 60 гатункаў тых ці іншых раслінаў. Баліцкія штогод высаджваюць каля 100 000 кветак, праўда некаторыя, пробныя гатункі, у колькасці некалькіх дзясяткаў штук, каб пазней праверыць іхні попыт на рынку.
– У прыватным парадку нашыя кветкі паехалі ўжо і ў Санкт-Пецярбург, але на расейскі рынак мы пакуль яшчэ не выйшлі. Арыентуемся выключна на свой. Напрыклад, ужо другі год запар, атрымліваем замовы ў Менск на адну з плошчаў, не ўзгадаю зараз. Мая дачка там жыве, то я папрасіла яе каб яна знайшла і сфатаграфавала. Цікава ж, – кажа Алена Баліцкая.
Зарабіць сабе „на жыццё” Баліцкім удаецца. Акрамя таго, некаторым з мясцовых яны пакрысе даюць працу, бо гаспадарка вялікая.
– Напачатку дамаўляліся з тымі, хто любіць кветкі. Я вам кветак, а вы мне дапаможаце гадаваць іх, – падсумоўвае Алена Баліцкая.
Цалкам гук у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя