Лабісты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі



Эканамічныя адносіны і выгаднае геаграфічнае становішча Літвы, Латвіі і Беларусі ўплываюць на тое, што названыя краіны шчыльна эканамічна знітаваныя. І, нягледзячы на розныя палітычныя погляды, на першы план выходзяць эканамічныя пытанні.

Беларускі бок дамогся выгаднага для сябе зніжэння тарыфаў на чыгуначныя перавозкі, і выкарыстаў пры гэтым натуральную канкурэнцыю паміж Літвой і Латвіяй за долю ў сектары транспартавання беларускіх грузаў. У той самы час Менск спрабуе схіліць абодвух партнёраў, каб яны прадпрымалі выгадныя для інтарэсаў афіцыйнага Менска дзеянні на Еўразвязаўскіх форумах.

Найбольш яскрава гэта выявілася ў 2012 годзе, калі краіны-чальцы ЕЗ дыскутавалі пра ўвядзенне эканамічных санкцый у дачыненні некаторых буйных беларускіх прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца галоўным эканамічным апірышчам рэжыму Лукашэнкі. У гэты час Менск “за кулісамі” ціснуў на латвійскіх і літоўскіх бізнесоўцаў, а таксама на бізнесоўцаў з ЕЗ, якія інвеставалі свой капітал у Беларусі і былі ў пэўнай ступені залежнымі ад добрых адносінаў паміж краінамі. Вынікам гэтых дзеянняў стаў вельмі моцны і добра арганізаваны літоўскі і латвійскі лобінг, мэтай якога было пераканаць Брусель не ісці на ўзмацненне санкцый у дачыненні афіцыйнага Менска. Такое развіццё падзей вынікала з надзвычай важнага значэння гандлёвага супрацоўніцтва для мясцовых бізнес-элітаў.

У Літве галоўным ініцыятарам лагоднай палітыкі адносна Менска з’яўляецца Літоўская гандлёва-прамысловая палата, некаторыя чальцы якой маюць інтарэсы з Беларуссю. Прыкладам з’яўляецца літоўскі інвестар Сігітас Паўлаўскас, а таксама прадпрыемствы канцэрна Achema. Бізнесовыя колы, аб’яднаныя гэтай арганізацыяй, намагаліся паўплываць на палітыку Вільні адносна Менска, а таксама прывялі да таго, што літоўскія ўлады заблакавалі працэс пашырэння эканамічных санкцый.

Лобінг палягаў у замове платных публікацый ва ўплывовых эканамічных газетах, а таксама ажыццяўляўся пры падтрымцы медыяў, якія належаць да канцэрна Achema, між іншымі газеты Lietuvos Zinios. Паводле Літоўскай гандлёва-прамысловай палаты, страты ад увядзення санкцый маглі скласці 6 млрд. літаў, або больш за 2 млрд. даляраў (6% ВУП краіны). Гэтыя лічбы магчыма былі завышаныя з мэтай ціску на ўлады і дзеля ўзнікнення публічнай дыскусіі.

Лобінг латвійскіх бізнесоўцаў дзеля выгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю на сённяшні дзень значна больш разбудаваны ў параўнанні з Літвой. Галоўныя цэнтры падтрымкі ўладаў у Менску – гэта: Таварыства дзеля развіцця эканамічных адносінаў паміж Латвіяй і Беларуссю, а таксама Беларуска-Літоўская Рада ў пытаннях бізнес-супрацоўніцтва. Кіруюць абедзвюма арганізацыямі бізнес-алігархі. Першай кіруе Альфрэд Чэпаніс, а другой разам кіруюць Дзмітрый Дзічкоўскі (уладальнік беларускай фірмы Milavitsa), і з літоўскага боку – Аіварс Лоцмэліс (уладальнік фірмы Felix Holding). Гэта самыя галоўныя асобы, якія прымаюць удзел у лабіраванні і рэкламаванні рэжыму Лукашэнкі. Яны маюць долі ў Свабодным Рыжскім Порце, які з’яўляецца галоўным, разам з Віндавай, месцам загрузкі нафтапрадуктаў беларускай вытворчасці.

Дзеянні, скіраваныя на мінімалізацыю санкцый у дачыненні Беларусі, праводзіць таксама Латвійская канферэнцыя працадаўцаў. Як мяркуе кіраўнік гэтай арганізацыі Ліга Менгельсонэ, санкцыі адносна беларускіх фірмаў прывядуць да стратаў памерам 480 млн. еўра. Іншы погляд мае Альфрэд Чэпаніс, які кошт абмежаванняў у эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю ацэньвае ў 1 млд. еўра.

Таксама, як і ў Літве, падлікі бізнесоўцаў значна завышаныя. Мэта адна: выклікаць дыскусію ў СМІ і тым самым націснуць на латвійскія ўлады. У Латвіі важным інструментам лобінгу інтарэсаў ёсць прысутнасць беларускага капіталу. У Дынэбургу дзейнічаюць два важныя прадпрыемствы, якія актыўна развіваюцца: Mamas D. – займаецца прадукцыяй біялагічнага паліва, і Alus D. – займаецца прадукцыяй піва. Галоўны пакет у абодвух прадпрыемствах належыць вядомаму беларускаму бізнесоўцу Юрыю Чыжу. Гэтага прадпрымальніка мясцовыя ўлады лічаць галоўным працадаўцам у рэгіёне і аўтарытэтам сярод латвійскіх бізнесоўцаў.

Другая буйная беларуская фірма ў Латвіі – гэта Oil logistic. Кіруе ей Андрэй Маркушэў. На працягу гадоў фірма займаецца транспартаваннем беларускіх тавараў чыгункай да марскіх партоў, а таксама ў Эстонію. Заснавальнікамі, а таксама далевікамі гэтага прадпрыемства, з’яўляюцца буйныя беларускія дзяржаўныя нафтавыя і хімічныя канцэрны: “Гродна-Азот”, “Нафтан”, “Белнафтахім”, “Беларускалій”, а таксама “Беларуснафта”.

Варта таксама звярнуць увагу на ролю пасольстваў Беларусі ў Літве і Латвіі. У абодвух выпадках на чале дыпламатычных пляцовак стаяць паслы, якія маюць шматгадовы досвед і разбудаваную сетку кантактаў з мясцовымі бізнес- і палітычнымі элітамі. Гэта дае шмат магчымасцяў для беларускага лобінгу дзеля выгадных для Беларусі рашэнняў. Іх пазіцыя як прадстаўнікоў уладаў РБ моцная яшчэ і таму, што абодва дыпламаты займалі высокія пазіцыі ў дзяржаўным апараце.

Толькі наіўны можна не заўважыць узаемных сувязяў паміж лакальным светам бізнесу і светам палітыкі. Таксама не таямніца, што ў кіраўніцтве найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў ёсць людзі з блізкага кола знаёмых Аляксандра Лукашэнкі. Узаемная выгада групаў інтарэсаў стварыла своеасаблівую стабільную сітуацыю, якая прыносіць велізарныя прыбыткі. І ніводзін з бакоў не зацікаўлены ў палітычных ды эканамічных зменах.