Латушка: Адключэнне ад SWIFT магчымае толькі ў скрайнім разе
Адключэнне беларускіх банкаў ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і ажыццяўлення плацяжоў (SWIFT) магчымае толькі ў крайнім выпадку, выключна з ухвалення грамадскасці і пасля экспертнага аналізу наступстваў гэтага кроку. Такое меркаванне 4 снежня на прэс-канферэнцыі ў анлайн-фармаце выказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка.
Ён адзначыў, што адключэнне ад SWIFT — гэта „дастаткова складанае пытанне” і сёння „на яго няма адназначнага адказу”.
„Мы ведаем, што платформа „Голас” запусціла грамадскае галасаванне па гэтым пытанні сярод жыхароў Беларусі, — сказаў Латушка. — І перш за ўсё беларускае грамадства, з аднаго боку, павінна даць адказ на пытанне, ці неабходна ісці гэтым кірункам, рэалізоўваць гэты падыход. Па-другое, для нас вельмі важнай павінна быць і думка экспертаў-эканамістаў аб наступствах такіх крокаў. Павінны выказацца эксперты-прафесіяналы ў гэтай сферы”.
„На наш погляд, прыняцце гэтай меры можа мець месца пры ўмове захавання гэтых двух момантаў — грамадскай згоды і ацэнкі экспертаў. І яно можа мець месца ў крайнім выпадку, але зноў жа яго трэба прымаць, зыходзячы з гэтых двух базавых момантаў. Напэўна, трэба таксама разумець, наколькі глыбокія будуць гэтыя наступствы з пункту гледжання гуманітарнага характару для жыхароў нашай краіны. Таму давайце дачакаемся перш за ўсё галасавання на платформе „Голас” і яшчэ раз з экспертамі прааналізуем мэтазгоднасць і наступствы такога рашэння”, — дадаў кіраўнік НАК.
Абмеркаваць на міжнародным узроўні пытанне адключэння беларускіх банкаў ад SWIFT прапанавала экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Гэтая мера разглядаецца ў рамках пакета мер па ўзмацненні націску на беларускія ўлады.