Латушка звярнуўся да кіраўніка Нацбанка Беларусі
Лідар НАУ Павел Латушка звярнуўся да кіраўніка Нацбанку Беларусі Паўла Калаўра.
Перадусім Латушка адзначыў, што Калаўр займае сваю пасаду незаконна з 2019 года, парушаючы Банкаўскі кодэкс. Далей Латушка ўказвае на тое, што Нацбанк дае недакладную інфармацыю пра інфляцыю, якая нават па фіктыўных ацэнках складае болей за 9%, рэальны ўзровень інфляцыі ў краіне – амаль 15%.
– Фальсіфікуюцца дадзеныя па аб’ёмах дэпазітаў у банках, каб стварыць карцінку іх ліквіднасці. На самой справе агульны аб’ём дэпазітаў фізасобаў амаль у два разы ніжэй, чым указана ў справаздачах галоўнага банка краіны. І нарэшце, нам расказваюць легенды пра павелічэнне золатавалютных рэзерваў, указваючы лічбу 7.7 мільярда даляраў ЗША. Але праўда ў тым, што рэальны памер ЗВР на сёння апусціўся да адзнакі 6 мільярдаў даляраў – мінімуму, усталяванаму Міжнародным валютным фондам для Беларусі.
Беларусы ратуюць свае грошы з банкаў, а Нацбанк намагаецца гэта схаваць. Нацбанку не вераць крэдыторы, менавіта таму больш ніхто, акрамя Расеі, не гатовы даваць рэжыму Лукашэнкі ў пазыку, кажа лідар НАУ. Латушка таксама канстатуе, што ў межах праекта «Дыялог з народам» больш за ўсё зваротаў прыйшло ад чыноўнікаў Нацбанка, цяпер ён чакае адказ Калаўра.
Беларускае Радыё Рацыя