Леанід Заіка: Асаблівай эканамічнай падтрымкі з боку Крамля не будзе
Эканаміст Леанід Заіка распавядае пра тое, ці працягне Расея фінансаваць беларускі рэжым.
У час, калі палітычныя стасункі Беларусі з Захадам цалкам сапсаваны, не варта, відаць, разлічваць і на заходнюю эканамічную дапамогу. Ці працягне ў такой сітуацыі Масква фінансаваць беларускі рэжым?
Леанід Заіка: Крэмль зараз будзе выкарыстоўваць беларускі рэжым, як пэўную містыфікацыю супраць усяго блока НАТА, Еўразвяза і ЗША. Расеі не выгодна ўступаць з Захадам у прамы канфлікт, хаця гэта ўжо і так назіраецца, таму ёсць сэнс выкарыстоўваць дзеля гэтага суседнюю краіну, якую пры гэтым будуць крыху падтрымліваць матэрыяльна. Магчыма, да канца гэтага году.
Але асаблівай эканамічнай падтрымкі з боку Крамля не будзе. Гэта таксама пэўная містыфікацыя. Беларускай наменклатуры важна атрымліваць расейскую нафту, перапрацоўваць яе, каб затым прадаваць на Захад “ворагам”.
У дачыненні да сённяшняга афіцыйнага Менску Крэмль ужо высновы зрабіў, таму ніхто не будзе даваць грошы на пакупку новага “Мерседэса” ці чарговай рэзідэнцыі. Таму, калі нешта і паабяцаюць, то фінансы адразу накіруюць на аплату даўгоў.
РР: Што ў такім выпадку будзе з беларускай эканомікай?
Леанід Заіка: Варта адзначыць, што краіна ўмее ствараць праграмныя прадукты. Па фінансавых выніках першай паловы года, напрыклад, стала вядома, што ў Беларусі на 10 адсоткаў павялічыліся ў параўнанні з мінулым годам паказчыкі па вытворчасці прадуктаў харчавання.
Таму беларуская эканоміка абсалютна самадастатковая. І калі заўтра не будзе Лукашэнкі, то наша эканоміка гэтага практычна не заўважыць. Калі прыбярэм і Лукашэнку, і прэм’ера Галоўчанку – таксама не заўважыць. Можа быць, эканоміка нават яшчэ лепш будзе працаваць, бо чым больш людзей падыходзіць да трактара і пачынае абмяркоўваць, як ён павінен працаваць, тым хутчэй трактар перастае працаваць.
Але не варта драматызаваць сітуацыю і думаць, што беларуская эканоміка будзе знаходзіцца на ўзроўні Замбіі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя