Леанід Заіка: Беларусі не патрэбная атамная станцыя



Беларусі не патрэбная атамная станцыя, заявіў эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Леанід Заіка, выступаючы 22 красавіка ў Менску на міжнароднай канферэнцыі па беларускай атамнай энергетыцы.

Паводле яго слоў, рашэнне будаваць АЭС прымалася ва ўмовах высокіх коштаў на нафту і газ і энергетычных спрэчак з Расеяй.

„Расейцы тады прадавалі нафту па 420 даляраў за тону, а мы куплялі ў Венесуэлы па 800, — сказаў эканаміст. — Тады будаўніцтва расцэньвалася як своеасаблівы выклік Расеі і адмова ад расейскага ўплыву на беларускую энергетыку”.

Пры цяперашніх цэнах на нафту пытанне будаўніцтва станцыі ўжо не актуальнае, лічыць Заіка. „Рашэнне было памылковым, і пра гэта трэба гаварыць”, — падкрэсліў ён, дадаўшы, што Астравецкая АЭС — „чыста расейскі праект”, дзе Беларусь нічога не вырашае.

У размове з журналістамі эканаміст заявіў пра неабходнасць сыходзіць ад мыслення вялікімі маштабамі, як гэта было ў часы, калі Беларусь была часткай вялікай дзяржавы.

„У свядомасці палітыкаў засталіся павялічаныя маштабы — вялікія станцыі, вялікія прадпрыемствы. Але Беларусі патрэбная не атамная станцыя, а малая энергетыка, — растлумачыў ён. — Гэта лепшы варыянт развіцця энергетычнай бяспекі краіны”.

На думку Заікі, у Беларусі трэба стварыць такую сістэму, пры якой уласнымі сістэмамі ацяплення і энергазабеспячэння былі б забяспечаныя як асобныя кватэры, так і цэлыя прадпрыемствы. „Гэта канцэпцыя будучага, так званая эканоміка ведаў, тут ёсць перспектывы”, — сказаў ён.

belapan.by