Леанід Заіка: Чалавек шукае, дзе лепш…



Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, чаму ў краіне дэфіцыт медыцынскіх работнікаў.

У Беларусі не хапае 6 тысяч лекараў і медсёстраў. Такая колькасць вакансій зарэгістравана ў агульнанацыянальным банку вакансій.

Ленаід Заіка: Кадравая праблема для медыкаў заўсёды была вострай. Залішак кадраў сёння ў краіне ў Адміністрацыі прэзідэнта і ва ўрадзе. Але ніхто гэта чамусьці не абмяркоўвае.

Мяркую, што ўсё гэта звязана з агульным станам медыцыны ў Беларусі. Праца складаная, праблемы сістэмныя. У некаторых лякарнях месцаў для пацыентаў не хапае, паглядзіце, якія чэргі ў паліклініках. Усё гэта выдаткі бясплатнай медыцыны. Хочаце лячыцца з камфортам – плаціце. У шматлікіх краінах, дарэчы, платная і страхавая медыцына.

А ўвогуле, у нашай краіне адсутнічае такое патрабаванне да чалавека, каб ён быў здаровым. За мяжой наймальнік перш-наперш глядзіць на стан здароўя працаўніка і ніколі не аддасць перавагу таму, хто паліць і ўжывае алкаголь. Сучасны замежны працаўнік – чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця. А вы паглядзіце, што ў нас у паліклініках робіцца, колькі маладых людзей ужо хворыя. Не кожны лекар вытрымае, нагрузка вельмі вялікая.

РР: У Польшчы зрабілі льготы для беларускіх медыкаў, каб заахвоціць іх прыязджаць на працу. Значыцца, кадравая праблема ў Беларусі будзе яшчэ большай?

Леанід Заіка: Як кажуць, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек, дзе лепш. Таму, калі ёсць прывабная прапанова, хтосьці на яе і адгукнецца. Але ж гэта не толькі ў медыцынскай галіне. З’язджаюць на працу добрыя будаўнікі, айцішнікі…

Міграцыя працаўнікоў – гэта нармальная з’ява. Зрабіце лепшыя ўмовы дома – і ніхто нікуды не паедзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя