Леанід Заіка: Дэнамінацыя – шанец для ўраду



“Дэнамінацыя беларускага рубля, якая адбудзецца ў ліпені, будзе чарговым шанцам для ўраду, каб палепшыць сітуацыю ў эканоміцы”, –  лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Час пакажа, наколькі ўлады гатовыя не паўтараць мінулыя памылкі, – адзначае эканаміст:

– Можна будзе даціснуць сітуацыю яшчэ больш, г.зн., збалансаваць валютныя і рублёвыя патокі. І беларусы могуць мець грашовыя адзінкі 1 да 2. Гэта лепшыя суадносіны на ўсёй постсавецкай прасторы, не так як у расейцаў 1 да 65, ці 220 у казахаў. З гэтага ўжо можна пачынаць, калі адмовяцца ад усіх дарагіх і прэстыжных праектаў, калі беларускі ўрад перастане субсідзіраваць буйныя прадпрыемствы, то шанцы ёсць.

Дэнамінацыю правядуць шляхам замены банкнотаў узору 2000 году, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 году ў суадносінах 10 тысяч – да 1 беларускага рубля. Гэта значыць, што самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае ў цяперашні час, – 100 рублёў – будзе заменены на самы нізкі намінал новага, грашовага шэрагу – 1 капейку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелапАН