Леанід Заіка: Фактычна Беларусі адмовілі ў крэдыце



Місія Міжнароднага Валютнага Фонду завяршыла працу ў Менску. З 5 па 16 сакавіка прадстаўнікі МВФ праводзілі сустрэчы з беларускімі чыноўнікамі, адной з тэмаў была магчымасць новага крэдыту ад міжнароднай фінансавай установы для Беларусі.

Абмежаваць рост заробкаў, падвысіць аплаты за камунальныя паслугі, спыніць датацыі і субсідыі гаспадаркі, такія прапановы дала місія Міжнароднага валютнага фонду Беларусі. Пра новы крэдыт можна будзе казаць, толькі пасля правядзення рэформаў, адзначыў у падсумаванні працы місіі МВФ яе кіраўнік Дэвід Гофман.

Прапанаваныя рэформы могуць прывесці да таго, што вонкавая фінансавая дапамога Беларусі можа і не спатрэбіцца, мяркуе беларускі эканаміст Леанід Заіка:

– Хопіць размаўляць пра сацыяльна арыентаваную эканоміку. Давайце працаваць. Хопіць даваць субсідыі і грошы вялікім дзяржаўным стратным прадпрыемствам. Хопіць будаваць палацы і замкі. Трэба вярнуцца да таго, што называецца – добры гаспадар. Кожны з нас ведае, як дабіцца поспеху ў сваёй справе і як эканоміць.

Сукупны замежны доўг Беларусі складае ўжо 40 мільярдаў даляраў. Штогод Беларусь аплачвае каля 500 мільёнаў даляраў адсоткаў за карыстанне пазычанымі грашыма.

* * *

Фактычна Беларусі адмовілі ў крэдытнай праграме, кажа беларускі эканаміст Леанід Заіка:

– Гэта вельмі добра. Калі мы не будзем браць грошы ў доўг, то магчыма мы паразумнеем. Бо і так ужо звыш 40 млрд доўгу. І кожны год трэба выплачваць 4 млрд. Я палічыў, калі б у нас не было гэтых даўгоў, то за гэтыя грошы, якія мы абавязаныя аддаваць, мы маглі б кожнаму вучню пры заканчэнні сярэдняй школы даваць ключ ад уласнай адна- ці нават двухпакаёвай кватэры.

У пачатку сакавіка намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў пра спадзяванні на новы крэдыт ад МВФ. Беларускі ўрад спадзяваўся атрымаць крэдыт ад Расеі ў памеры 2,5 мільярда даляраў, аднак просьбы Беларусі не былі задаволеныя.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info