Леанід Заіка: Хлопцам патрэбна зямля ў цэнтры Менска



“Лёс мотавелазавода чакае і іншыя прадпрыемствы ў цэнтры сталіцы”, – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Дырэктар Менскага мотавелазавода Мікалай Ладуцька (на здымку), які раней узначальваў Менгарвыканкам, мяркуе, што трэба правесці працэдуру банкруцтва прадпрыемства.

1lТады, маўляў, уся маёмасць і зямля пяройдуць у камунальную ўласнасць. Пасля гэтага на базе прадпрыемства можна будзе стварыць рэспубліканскі інавацыйны тэхнапарк або выставачны цэнтр. Пару цэхаў Ладуцька пагаджаецца пакінуць для вытворчасці мотавелатэхнікі.

Леанід Заіка: Мотавелазавод пачаў “складваць лапы” яшчэ ў 90-я гады. Прадпрыемства было абсалютна неэфектыўнае, склад кіраўніцтва таксама быў слабы. А затым вырашылі “разыграць карту” – знайшлі імклівага аўстрыйскага бізнесмена па прозвішчы Мураўёў. Такі аўстрыяк на 200 адсоткаў! І далейшы сэнс існавання мотавелазавода быў толькі ў тым, каб яго раскурочыць, а тэрыторыю выкарыстаць пад будаўніцтва. Усё – іншых варыянтаў не было. Пасля кіраваць прадпрыемствам пачаў Ладуцька, і зараз пачынаюцца зігзагі… Тыя, хто прэтэндуе на нейкія плошчы, пачынаюць рабіць заявы, што неабходна банкруцтва. Усё зразумела – хлопцам патрэбна зямля ў цэнтры Менска. Яны пабудуюць там дамы, офісы… Усё ідзе па беларускай традыцыі. І ўсе заявы пра банкруцтва звязаны з тым, каб забраць тэрыторыю. Я называю гэта перадзелам зямельнай уласнасці.

РР: Зрабіць з мотавелазавода рэнтабельнае прадпрыемства немагчыма?

Леанід Заіка: Думаю, што зараз ужо немагчыма. З завода з’ехалі ў Расею ўсе лепшыя спецыялісты, пад Масквой яны робяць веласіпеды “Стэлз”. Мотавелазавод немагчыма рэаніміраваць, прасцей пабудаваць новы.

РР: Такі лёс чакае і некаторыя іншыя стратныя сталічныя прадпрыемствы?

Леанід Заіка: Ён чакае абсалютна ўсе прадпрыемства, якія маюць вялікія плошчы ў цэнтры сталіцы. Усё будзе раскурочвацца менавіта такім чынам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота TUT.BY