Леанід Заіка: Кожны беларус ужо мае доўг у памеры 4 тысяч даляраў



Замежныя інвестары летась «уклалі» ў беларускую эканоміку звыш 15-ці мільярдаў даляраў. Такую лічбу называе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. 82% ад гэтай сумы – так званыя «даўгавыя інструменты». «Больш за чатыры пятых ад атрыманых грошай – звычайныя пазыкі, – тлумачыць кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія” Леанід Заіка. “Кожная беларуская сям’я сёння павінна 16 тысяч даляраў, бо доўг Беларусі пераваліў за 40 мільярдаў даляраў,” – адзначае эканаміст.

– Пра гэтую лічбу мала калі згадваюць, бо яна выклікае здранцвенне. Атрымліваецца, што кожны беларус мае доўг 4 тысячы даляраў. Сярэдняя сям’я з чатырох чалавек ужо мае доўг 16 тысяч даляраў. Прычым гэтыя грошы апошнія 10 гадоў запазычвалі. Гэты доўг назапашваўся і цяпер штогод разам з працэнтамі трэба вяртаць недзе 4 мільярады даляраў. Была зарплата 600 даляраў, стала 400. Таму што ва ўсіх у нас трэба выцягнуць з кішэні 4 мільярды, лепш гэта зрабіць за кошт дэвальвацыі.

Паводле Леаніда Заікі менавіта праз дэвальвацыю ўлады і выцягваюць грошы ў беларусаў на аплату запазычанасцяў.

У той жа час чыноўнікі не маюць іншага плану, як аддаваць такія вялікія даўгі, – адзначае эксперт.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя