Леанід Заіка: Пад выглядам рэформаў будуць пілаваць уласнасць



«Грошы Міжнароднага валютнага фонду абсалютна нічога не зменяць у беларускай эканоміцы», — лічыць эканаміст Леанід Заіка.

Міністр фінансаў Беларусі Ўладзімір Амарын распавёў журналістам, што Беларусь просіць у МВФ крэдыт памерам 3 мільярды даляраў. Гэта тая сума, якую можа выдзеліць МВФ, зыходзячы з квотнага прынцыпу.

Гэтым разам фармат крэдыту не стэнд-бай, а так званы пашыраны фармат. Амарын патлумачыў, што крэдыт у пашыраным фармаце прадугледжвае абавязковыя структурныя рэформы беларускай эканомікі.

Міністр фінансаў нагадаў, што Беларусь за 9 месяцаў 2015 года выплаціла па знешніх даўгах каля трох мільярдаў долараў і да канца года застаецца выплаціць менш за адзін мільярд.

150611_zaiko

РР: Які шанец атрымаць ад МВФ 3 мільярды крэдыту?

 Леанід Заіка: Вырашаць будуць амерыканцы. І, як правіла, у гэтых выпадках глядзяць на тое, ці зможа краіна аддаць грошы. Аргумент на карысць таго, што Беларусі можна даць такі крэдыт – гэта наяўнасць у краіне недзе на 130 мільярдаў даляраў дзяржаўнай уласнасці. Беларусь можа прадаць калійны камбінат, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і аддаць пазыкі. Хоць, на сённяшні дзень, сумарны прыватны і дзяржаўны доўг — каля 40 мільярдаў. Гэта даволі шмат. Але які-небудзь чыноўнік Дзярждэпартаменту ЗША ці ЦРУ можа сустрэцца на Савеце бяспекі з кіраўніком сваёй дзяржавы і сказаць: «Дарагі Абама, мы можам пахістаць уладу Беларусі. А разам з гэтым і патузаць за вусы рускіх. Давай дадзім крэдыт беларусам». Для амерыканцаў 3 мільярды — пыл на ботах. Таму, пагуляць у такую гульню з Беларуссю могуць. З палітычнага пункту гледжання гэта магчыма, калі звязаць беларускую ўладу нейкімі абавязацельствамі.

РР: Ці зменіць беларускую эканоміку гэты крэдыт? Наколькі ён дапаможа?

Я лічу, што гэтыя грошы абсалютна нічога не зменяць. Гэта, як даць іх наркаману на наркотыкі. Таму, я прыхільнік таго, каб наогул ніякіх крэдытаў не браць.

РР: Аднак жа ўлады абяцаюць у абмен на крэдыт «структурныя рэформы беларускай эканомікі».

Гэта ўсё лухта! Чыноўнікі цудоўна жылі 20 гадоў і радаваліся ўладзе. Самае простае, што зараз будзе рабіць наменклатура, гэта «пілаваць» уласнасць. Спачатку «распілуюць» вытворчасць і актывы назваўшы гэта рэформамі. З’явяцца свае Абрамовічы… Затым, зменяць ва ўрадзе нейкага Андрэя на такога ж Васю і аб’явяць пра лібералізацыю бізнесу. Гэта будзе зроблена якраз ва ўгоду той самай прыватызацыі і наменклатурнага захопу ўласнасці. Мы ж бачым, што наменклатура 20 гадоў сядзела і чакала, калі ж дазволяць «пілаваць» уласнасць пад выглядам рэформаў. Але ж, усё застаецца на сваіх месцах. Тая самая ўлада, тыя самыя наменклатуршчыкі — абласныя начальнікі і раённыя лідары. А ўвогуле, нашы чыноўнікі не разумеюць, што такое рэформы. Па-другое, яны і не ўмеюць гэта рабіць. Калі б яны разумелі і ўмелі, дык за 20 гадоў хоць нешта ды зрабілі б.

Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kurjer.info