Леанід Заіка: Патрэбныя не крэдыты, а дазволіць народу ўзбагачацца
„Аляксандр Лукашэнка заводзіць свой народ у тупік”, – лічыць незалежны эканаміст Леанід Заіка. Беларусі цяпер трэба засяродзіцца на сваіх магчымасцях, а не на прыцягненні чарговых крэдытаў, – адзначае эксперт.
– Беларусі зараз неабходна засяродзіцца на сваіх рэсурсах, на развіцці сваёй эканомікі, на развіцці сваёй дзелавой актыўнасці. У гэтай сітуацыі грошы не патрэбныя. Грошы нават шкодныя. Трэба ўважліва паглядзець на свой народ і сказаць яму: ўзбагачайцеся, развівайцеся – вось вам зямля, вось вам рэсурсы, свабодны бізнес. Таму Беларусі трэба вызваліцца ад ілюзіяў, што грошы вырашаюць праблемы. Грошы вырашаюць праблемы толькі з глупымі жанчынамі.
„Расея безумоўна выдзяліць крэдыты ў падтрымку беларускай эканомікі, аднак на гэтым не скарыстае народ. Беларуская эканоміка надалей застанецца нерэфармаванай і неканкурэнтаздольнай. Чарговыя крэдыты адтэрміноўваюць у часе неабходнасць рэфармавання беларускай эканомікі і ўвядзення свабодаў для бізнесу”, – адзначае Леанід Заіка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя