Леанід Заіка: Расейскія санкцыі могуць быць на карысць беларускім спажыўцам
Часовую забарону на пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі плануе ўвесці Рассельгаснагляд з 15 сакавіка. Калі раней пад расейскія санкцыі падпадалі асобныя беларускія прадпрыемствы, то цяпер — усе.
Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што забароны расейскага боку могуць быць нават на карысць беларускім спажыўцам малочнай прадукцыі.
– У Беларусі няма сістэмы кантролю якасці прадукцыі, таму можна сказаць дзякуй Рассельгаснагляду. Там акрамя малака і мяса ідзе. Ведаю, як у нас арганізавана праца лабараторый на малочных прадпрыемствах. Мы цалкам у няведанні. Існуе такі міф, што беларускі прадукт вельмі добры. Але гэта толькі міф. Па аб’ектыўных ацэнках мы нічога не ведаем. Калі расейцы возмуцца за нас, то мы, магчыма, лепш будзем карміць і сваё насельніцтва.
Як заявіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава, ніякая малочнай вайны паміж Расеяй і Беларуссю няма.
Пакуль жа вялікая колькасць прадпрыемстваў Беларусі, якія пастаўляюць малочную прадукцыю ў Расею, знаходзяцца альбо пад узмоцненым кантролем, альбо абмежаваныя ў праве паставак. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў бліжэйшым часам адрэагаваць на загады расейскага боку.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя