Леанід Заіка: Санкцыі пачнуць дзейнічаць праз некалькі гадоў



Еўразвяз вырашыў узмацніць санкцыі супраць Расеі. Складзены спіс прадпрыемстваў ды ўстановаў, якія спрыялі парушэнню тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, і на якія будуць накладзеныя штрафныя санкцыі.

Паводле еўрапейскага выдання Eu-Observer, сярод кампаній, на якія могуць распаўсюджвацца санкцыі, фігуруе і „Роснафта” – асноўны пастаўшчык сыравіны на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Беларускі эканаміст Леанід Заіка адзначае, што хуткія санкцыі супраць расейскіх нафтавых і газавых кампаній не магчымыя:

– Гэта рынак доўгатэрміновы. Наперадзе цяжкі час для расейскага экспарту нафтапрадуктаў, газу. Гэта таму, што будуць цэны падаць на сусветным рынку. Усе прагнозы на гэтым сыходзяцца. Праз тры-пяць гадоў гэта здарыцца. Але каб вось так адразу Еўропа змагла адмовіцца ад расейскіх паставак – гэта немагчыма. Магчыма скарацяць на 5-10 працэнтаў, але і гэта малаверагодна.

Акрамя штрафных санкцый, Еўразвяз даў загад Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку ды Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця не фінансаваць новыя праекты ў Расеі.

Еўразвяз пачаў паступовае ўвядзенне так званага трэцяга пакету санкцый супраць Расеі. Раней ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу кампаній расейскага вайскова-прамысловага комплексу.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя