Леанід Заіка: Цывілізацыя нас штурхае на новы шлях
Эканаміст Леанід Заіка распавёў пра магчымасці паставак альтэрнатыўнай нафты ў Беларусь.
На нарадзе па пытаннях падвышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт беларускі кіраўнік заявіў, што “трэба ісці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расейскай Федэрацыі, адсоткаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і адсоткаў 30 праз Украіну”. Ці магчыма рэалізацыя такіх планаў?
Леанід Заіка: Усё магчыма. Можна нават зрабіць так, каб з Афрыкі пастаўляць 20 адсоткаў нафты і столькі ж – з Паўночнай Еўропы. А яшчэ 20 адсоткаў – з Аўстраліі.
“Геніяльных” ініцыятыў можна прапаноўваць мноства, але яны абсалютна бессэнсоўныя. Ужо была ў нашай гісторыя сітуацыя, калі нафту вазілі танкерамі з Венесуэлы, і ім не хапала толькі патрыятычных песень і піянерскага экскорта.
Трэба разумець, што ўся савецкая інфраструктура нафтаперапрацоўчых заводаў была пралічана. І гэтыя два заводы ў Беларусі – наша гора. Яны нам не былі патрэбны з самага пачатку. У Расеі гэтыя прадпрыемствы прыбралі да рук алігархі, а ў нас – калектыўны алігарх.
РР: Якія далейшыя перспектывы паставак альтэрнатыўнай нафты?
Леанід Заіка: Як ужо казаў, такія пастаўкі цалкам магчымы. Пытанне ў іншым: колькі затым будзе каштаваць для беларусаў літр бензіна?
Але я хачу адзначыць, што ва ўсё гэтай сітуацыі ёсць і вельмі добрая навіна. Справа ў тым, што ўся гэтая нафтавая “катавасія” падводзіць нас бліжэй да таго, каб наогул адмовіцца ад бензіна, дызельнага паліва і пераходзіць на элетрычны транспарт. Бо, у рэшце рэшт, нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы могуць застацца без працы.
Зараз многія краіны шмат будуюць электрамабіляў, а беларусы працягваюць ліць слёзы з нагоды бензіна. У Беларусі хутка запрацуе Беларуская АЭС, таму трэба перасаджвацца на электратранспарт, як гэта робяць у Еўропе.
А 30 адсоткаў расейскай нафты на будучую перспектыву нам хопіць з лішакам. Таму мая парада: хлопцы, заканчвайце танцы вакол нафтавай бочкі! Цывілізацыя нас штурхае на новы шлях. Электрамабілі, электравеласіпеды і электрасамакаты – вось наша будучыня. І забудзьце вы пра гэтую Расею з яе нафтай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з Ютуб