Леанід Заіка: Высокія цэны на газ – палітычнае рашэнне Крамля



Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, чаму не трэба чакаць падачак ад Масквы.

“Газпром” адмовіўся знізіць цану для Беларусі на газ на фоне абвалу коштаў у Еўропе. Перамовы аб кошце газу могуць тычыцца толькі 2021 года, а цяперашнія ўмовы канчаткова ўзгоднены і не будуць змяняцца да канца года.

Пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка “Газпрома” Аляксея Мілера беларускаму міністру энергетыкі.

Зараз цана на расейскі газ для Беларусі – 127 даляраў з 1 тысячу куб.м.

Леанід Заіка: Рэакцыя “Газпрома” – гэта тыповы палітычны жэст, бо сёння сусветныя кошты на газ у разы меншыя.

Я яшчэ год таму казаў, што для Беларусі эканамічная абгрунтаваная цана на газ – каля 40 даляраў, а пры Барысе Ельцыне мы куплялі газ наогул па 15 даляраў.

Таму зараз сітуацыя абсалютна празрыстая. З аднаго боку мы ведаем, што “Газпром” – гэта абсалютна эгаістычная арганізацыя. Яны – мільянеры, якія любяць грошы. З іншага – гэта палітычнае рашэнне.

Але, як мне падаецца, выхад для Беларусі ёсць – трэба пераходзіць на звадкаваны газ. Гэта сусветная тэндэнцыя і сусветная перспектыва, бо перспектывы нафты і газа вельмі абмежаваныя. На змену прыходзяць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

РР: Адным словам, Расея не будзе зніжаць цану на газ?

Леанід Заіка: Калі прынята палітычнае рашэнне ў Крамлі, то, безумоўна, не будзе. Масква хоча паказаць беларускага кіраўніка чалавекам, які не змагаецца за дабрабыт беларускага народа і не можа дамовіцца з Расеяй адносна таннага газа.

Відаць, у Крамлі ёсць жаданне змяніць Аляксандра Рыгоравіча на іншага чалавека. Масква ўжо папярэджвала, каб Лукашэнка не паўтарыў лёс Віктара Януковіча.

Таму, як ужо казаў, трэба адмаўляцца ад расейскага газа і шукаць новыя шляхі для забеспячэння энергетычнай бяспекі. Не трэба чакаць падачак ад Масквы, іх больш не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by