Леанід Злотнікаў: Беларуская эканоміка наўрад ці падымецца



„Канкурэнтназдольнасць беларускіх тавараў нават на расейскім рынку ўпала і ў выпадку палавінчатых рэформаў у беларускай эканоміцы наўрад ці падымецца”, – дае несуцяшальны прагноз эканаміст Леанід Злотнікаў.

На міжнароднай канферэнцыі „Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця” старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што „калі не праводзіць рэформаў, а фарсіраваць інтэграцыйныя працэсы на базе таго, што ёсць, то вынікі могуць апынуцца нават адмоўнымі”.

У сваю чаргу Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што за той час, што Мясніковіч узначальваў беларускі ўрад, ён ніякіх радыкальных зменаў так і не прапанаваў:

– Калі ўсё ж такі даць волю нашай бюракратыі, то іх інтарэсы ў тым, каб нейкая лібералізацыя была. Я не думаю, што Мясніковіч можа прапанаваць нейкія рэформы, каб падняць беларускую эканоміку.

На міжнароднай канферэнцыі ў Менску таксама гучаць іншыя прапановы і заявы беларускіх чыноўнікаў па паляпшэнню беларускай эканомікі.

У прыватнасці старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў заявіў, што сярэдні заробак у краіне ў бліжэйшыя гады неабходна павялічваць да тасячы даляраў ЗША ў эквіваленце.

„На ўзроўні 500 даляраў нельга заставацца”, – падкрэсліў Гусакоў, які меркавана не ведае, што нават згодна з афіцыйнымі лічбамі ў сярэднім беларусы зараз атрымліваюць не больш за 400 даляраў у месяц.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя