Леанід Злотнікаў: Беларускі бюджэт задыхаецца
Падатак на дададзеную вартасць, які фарміруе траціну бюджэтных паступленняў, з наступнага года ў Беларусі можа быць павялічаны з цяперашніх 20% да 22%. Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што “такі крок – эканамічная неабходнасць”.
Паводле інфармацыі БелаПАН, пытанне павелічэння ПДВ разглядалася ў ліпені на пасяджэнні Савета міністраў, паведаміў эксперт па пытаннях падатковай палітыкі, які ўдзельнічаў ва ўрадавым пасяджэнні.
Паводле наяўных звестак, прапанова пра павелічэнне стаўкі падатку на дададзены кошт ужо прысутнічае ў законапраекце аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс, якія могуць набыць моц з 2015 года.
Беларускія бізнес-саюзы лічаць, што павелічэнне ПДВ адмоўна адаб’ецца на эканамічнай прывабнасці Беларусі ў межах Мытнага саюза. У Расеі, якая ўваходзіць у Мытны саюз, стаўка ПДК складае 18%, у Казахстане — 12%.
Леанід Злотнікаў: Беларускаму бюджэту вельмі патрэбны грошы – адсюль і ініцыятывы кшталту павышэння ПДВ. Ніхто не быў бы супраць знізіць стаўку падатку, але тое, што мы бачым зараз – эканамічная неабходнасць, бо краіна перажывае складаны перыяд.
РР: Знізіўся экспарт?
Леанід Злотнікаў: І гэта таксама – знізілася паступленне валюты. Але акрамя гэтага патрэбна яшчэ расплочвацца па крэдытах, якіх Беларусь набрала процьму, а таксама падтрымліваць дасягнуты ўзровень жыцця. Апошняе вельмі няпроста зрабіць, бо зараз па пазыках трэба аддаваць крыху больш, чым раней. Думалі, што з новага года Расея па меншай меры на 50 працэнтаў знізіць экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія мы вяртаем Маскве, а таму будуць дадатковыя паўтары мільярды даляраў у год. Але ж гэтага яшчэ няма. Расея шукае падыходы, каб не аддаваць Беларусі і Казахстану свае прыбыткі ў межах Еўразійскага саюза.
РР: Якім чынам расейцы гэта могуць зрабіць?
Леанід Злотнікаў: Экспартныя пошліны, напрыклад, і на самой справе знізяць, але замест гэтага павялічаць падатак на здабычу карысных выкапняў. У тым ліку і на нафту, а значыцца яна стане больш дарагой. Таму рот раскрываць і ўскладаць вялікія надзеі на прыбытак ад адмены экспартных пошлін асбліва не трэба. У дадатак у гэтым годзе зніжаюцца інвестыцыі, а значыцца складана падтрымліваць мадэрнізацыю. Таму што застаецца рабіць? Як вырашаць свае праблемы? Краіна спажывае больш, чым вырабляе. Трэба ўвесь час гасіць адмоўнае сальда бягучага рахунку, а пазычаць грошы становіцца ўсё больш складана. Агульная эканамічная сітуацыя ў краіне прымушае думаць: а дзе ж узяць рэсурсы? Беларускі бюджэт задыхаецца, адсюль і спробы павялічыць яго прыбыткі.
РР: Праблем насамрэч шмат, але пры гэтым ці ўдасца ўладам захаваць дасягнуты ўзровень заробкаў насельніцтва?
Леанід Злотнікаў: Гэта знаходзіцца ў залежнасці ад розных чыннікаў. Але, хутчэй за ўсё, цяжка будзе захаваць заробкі на сёняшнім узроўні. У Расеі бюджэтны крызіс, у іх саміх праблемы з заробкамі. І, паўтаруся, на падтрымку з Усходу не трэба шмат разлічваць. Не таму, што Крамлю шкада грошай, а з-за сваіх праблем. Тым больш зараз, калі супраць Расеі ўвялі санкцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nemiga.info