Леанід Злотнікаў: Кантроль за якасцю прадуктаў – для вырашэння палітычных задач
Расейскі бок прапануе Беларусі правесці перамовы, каб абмеркаваць вынікі маніторынгу беларускай прадукцыі за дзевяць месяцаў. Расея не выключае магчымасці ўвядзення абмежаванняў на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі. Паводле Рассельгаснагляду, парушэнні выяўленыя ў малочнай прадукцыі кампаній „Бабушкина крынка”, „Савушкін прадукт” ды „Біякам”.
Каментуе беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:
– Што датычыць якасці беларускай прадукцыі, сапраўды ёсць праблемы. Падчас малочных войнаў, калі міністрам сельскай гаспадаркі стаў Шапіра, то ён прызнаваў, што сапраўды праблемы з якасцю ёсць. Гэта з аднаго боку. А з другога – Расея выкарыстоўвае сваю інспекцыю па якасці імпартуемых прадуктаў для вырашэння палітычных задач, гэта таксама добра вядома.
Леанід Злотнікаў адзначае, што пакуль ідзе гаворка пра магчымую забарону паставак толькі некаторых прадпрыемстваў, а гэта каля 10% усяго экспарту ў Расею. Сярод вытворцаў мясной прадукцыі пад падазрэннем знаходзяцца, між іншымі, Бабруйскі, Бяразоўскі, Берасцейскі, Магілёўскі мясакамбінаты.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя