Леанід Злотнікаў: Лукашэнка нязломны прыхільнік каманднай эканомікі
Місія МВФ 19 лістапада завершыць працу ў Беларусі. Эксперты Міжнароднага валютнага фонду мусяць ацаніць гатоўнасць беларускіх уладаў рэфармаваць эканоміку.
Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што сітуацыя па гэтым пытанні ў Беларусі не змяняецца альбо нават пагаршаецца.
– Лукашэнка неаднаразова выступаў на карысць камандных метадаў. Вядзецца жорскі кантроль цэнаў, каб яны не павышаліся. Прадпрымальнікі паступова губляюць свой капітал з-за гэтага. Увогуле гатоўнасці няма, больш таго, шэраг выказванняў кіраўніка краіны сведчаць, што ён не прыхільнік рэформаў, якія ліберальныя, радыкальныя, рынкавыя і г.д.
Эксперт нагадаў, што менавіта з-за адсутнасці рэформаў Еўразійскі банк развіцця затрымлівае выплату чарговага крэдыту Беларусі. Апошні транш мусілі накіраваць яшчэ ў сярэдзіне мінулага году. Сума магчымай крэдытнай праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам ацэньваецца ў 3 млрд даляраў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя