Леанід Злотнікаў: Падатак на куплю валюты – звычайная дэвальвацыя
Эканаміст Леанід Злотнікаў прагназуе, як будзе далей развівацца сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі і каму прынясе палёгку зніжэнне падатка на куплю валюты.
З 5 студзеня стаўка падатка на біржавыя аперацыі па куплі валюты ў Беларусі зніжана да 10%.
Нагадаем, з 20 снежня стаўка падатка складала 30%, а потым была зніжана да 20%.
Леанід Злотнікаў: Для прадпрыемстваў, безумоўна, 10-працэнтны падатак лепш, чым 30-працэнтны. Абаротныя сродкі па-ранейшаму “вымываюцца”, але ўжо ў меншым аб’ёме. Але, напрыклад, прадпрымальнікам такая мера – што мёртваму прыпарка. Тапельцу ж усё роўна, колькі над яго галавой вады – 30 ці 10 працэнтаў. Прадпрымальнікі, якія нешта імпартуюць, прыпынілі сваю дзейнасць, бо не могуць працаваць сабе ва ўрон. Яны, безумоўна, будуць чакаць, пакуль не здымуць і гэтыя 10 працэнтаў, іх актыўнасць затармазілася. У некаторых прыбытак усяго 10 працэнтаў, ніхто ж не хоча несці страты.
РР: Некаторыя аналітыкі называюць уведзены часовы падатак схаванай дэвальвацыяй.
Леанід Злотнікаў: Чаму схаванай? Калі чалавек купляе ў абменніку даляр па 14.500 рублёў, то яму без розніцы, які курс без падатку. Можна не ўжываць слова “дэвальвацыя”, але вынік не змяняецца. Але ж нейкія разумныя галовы прыдумалі гэты камуфляж і, дарэчы, вельмі няўдалы камуфляж. Рознасць курсаў перашкаджае бізнесу, а таму падатак здымуць. І ўсё роўна скажуць: “Адбылася дэвальвацыя”.
РР: Афіцыйны курс даляра і еўра ў апошнія дні рванулі ўверх. Прадпрыемствы-экспарцёры задаволены такім развіццём падзеяў?
Леанід Злотнікаў: Так, але, каб яны атрымалі яшчэ больш поўнае задавальненне, трэба праводзіць глыбокую дэвальвацыю. Расейскі рубель дэвальвавўся на 50-60 працэнтаў, а беларускі – прыкладна на 30. Пакуль не адбылося выраўноўвання эканамічных умоваў у гандлі з Расеяй. У Беларусі пакуль недастатковая глыбіня дэвальвацыі для таго, каб экспарцёры вярнулі тыя страты, што яны панеслі з-за дэвальвацыі ў Расеі.
РР: На якой мяжы можа спыніцца падзенне беларускага рубля?
Леанід Злотнікаў: Усім вядома правіла – краіна можа спажываць столькі, колькі вырабляе. Дэвальвацыя 2011 года істотна знізіла рэальныя даходы насельніцтва і крыху прывяла ў суадноснасць магчымасці эканомікі і спажыванне краіны. Але, пачынаючы з 2012 года і да сярэдзіны 2014-га, рэальны заробак пачаў расці і за гэты перыяд вырас недзе на 30-40 працэнтаў. У той жа час вытворчасць працы вырасла прыкладна на 3-5 працэнтаў. Такога нідзе ў свеце няма, гэта проста фантастыка! Гэта значыць, што ізноў раскруцілі жыццё не па сродках. Але ж гэта доўга працягвацца не можа. Таму зараз для беларусаў – чарговы валютны землятрус, які будзе прыводзіць у суадноснасць наша спажыванне з нашымі магчымасцямі. Утрымаць штучны рост заробкаў проста немагчыма, бо мы праядалі чужыя даляры. А мяжы, на якой можа спыніцца падзенне беларускага рубля, я не бачу. Бо, акрамя праблем у эканоміцы, Беларусі трэба будзе аддаваць і пазыкі, якія краіна брала для таго, каб іх праесці. Таму, як мне падаецца, узровень жыцця беларусаў знізіцца працэнтаў на 25-30. Мяжа там, дзе мы пераходзім на жыццё па сваіх магчымасцях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ej.by