Леанід Злотнікаў: “Шэрыя схемы” працуюць вельмі проста



Расея абвінавачвае Беларусь у рээкспарце забароненых прадуктаў харчавання, а Мінсельгаспрад Беларусі называе расейскія прэтэнзіі безпадстаўнымі. Эканаміст Леанід Злотнікаў распавядае пра эканамічныя выгоды ад эканамічнай гандлёвай вайны Расеі з Захадам і тлумачыць, як працуюць “шэрыя схемы”.

31B061B9-3850-4CFB-92E0-CF5E67BB31D0_mw1024_s_n

Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускі бок у няздольнасці кантраляваць пастаўкі ў Расею забароненых прадуктаў харчавання. Маўляў, такія прадукты ідуць з тэрыторыі Беларусі.

Мінск у сваю чаргу зрабіў выпад у адказ – невінаватыя мы, прэтэнзіі беспадстаўныя.

Леанід Злотнікаў: Мясніковіч заяўляў, што на перапрацоўцы заходніх прадуктаў можна зарабіць, здаецца, 100-200 мільёнаў даляраў. Згодны з ім. Вось, скажам, заходняе мяса, каб везці ў Расею, трэба перапрацаваць на беларускіх мясакамбінатах. Зрабіць кілбасы, закапціць, расфасаваць… Каб лічылася, што гэтая кілбаса беларускай вытворчасці. Гэта і будзе афіцыйны заробак Беларусі на гандлёвай вайне. Дарэчы, зарабляць будзем у асноўным на мясе. Зразумела, што ласось не перапрацуем у такой колькасці, што неабходна. Магутнасцей беларускіх прадпрыемстваў не хопіць. хоць зарабіць можна было б больш.

РР: Зараз Беларусь адмяняе абмежаванні на ўвоз у краіну жывёл з шэрагу краін Еўразвяза. Выпадковасць?

Леанід Злотнікаў: З большай верагоднасцю можна сказаць, што гэта – не выпадковасць. Мы ж добра ведаем, якія функцыі нярэдка выконваюць структуры кшталту Рассельгаснагляду. Яны становяцца бар’ерам на шляху абмежавання імпарту. Таму і ўводзяць розныя тэхнічныя стандарты, якія забараняюць увоз тых ці іншых імпартных прадуктаў. А зараз Беларусі мяса спатрэбілася для Расеі. Навошта тады нешта абмяжоўваць? Але, думаю, усё будзе залежыць ад таго, як Расея пачне кантраляваць сітуацыю, каб Беларусь не махлявала з “шэрымі схемамі”. У іх дастаткова інфармаваных крыніц, каб гэта зрабіць. А вось ці будзе жаданне моцна кантраляваць? Паглядзім.

РР: Як могуць працаваць “шэрыя схемы”?

Леанід Злотнікаў: Тут расклад вельмі просты. Напрыклад, нейкая беларуская фірма дамаўляецца са швейцарскімі калегамі, каб тыя пастаўлялі прадукты ў Расею. Беларуская фірма купляе тавар у Польшчы і праз швейцарскую фірму перакідвае іх на Расею. Вось і ўся схема, прадукты нават везці нікуды не патрэбна. Дакументы аформілі, забароны афіцыйна абыйшлі, і рукі “ўсе “нагрэлі”. У накладзе застаецца толькі расейскі пакупнік, бо прадукты на выхадзе будуць ужо дарагімі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя