Леанід Злотнікаў: Сярод магчымых праблемаў – адсутнасць дыягнастычнага абсталявання (абноўлена)



Абмежаванні на беларускія пастаўкі ў Расею здымуць цягам дзесяці дзён. Пра гэта ў Маскве дамовіліся віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі – Міхаіл Русы і Аркадзь Дварковіч. Таксама беларускія і расейскія ветэрынарныя службы правядуць працу па кожным беларускім прадпрыемстве, якое трапіла пад абмежаванні. У выніку паўстане план дзеянняў па вяртанні сітуацыі ў нармальнае рэчышча.

Агулам пад расейскія абмежаванні трапілі каля 20-ці беларускіх прадпрыемстваў. Паводле Русага, усе яны пераведзеныя ў рэжым пастаяннага маніторынгу. Бліжэйшымі днямі ў Расею перададуць усе неабходныя матэрыялы пра гэтыя прадпрыемствы.

* * *

Забарона на пастаўкі тавараў у Расею з некаторых прадпрыемстваў Беларусі можа быць выклікана незадаволенасцю Крамля палітыкай Аляксандра Лукашэнкі ў пытаннях Украіны, а таксама зменамі ў кіраўніцтве Рассельгаснагляду і магчымай адсутнасцю дыягнастычнага абсталявання ў беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў. Так каментуе чарговы гандлёвы канфлікт на лініі Масква-Менск эканамічны аглядальнік Леанід Злотнікаў:

– Калі не памыляюся, далі тры тыдні на рашэнне гэтых праблемаў, і Расея гатова аказваць дапамогу – даваць сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, каб была магчымасць на месцы ў Беларусі аналізаваць якасць прадуктаў. Напрыклад, яны выявілі геном афрыканскай чумы ў мясе, якое трапіла ў Расею. Я не думаю, што ў Беларусі было абсталяванне, якое магло выявіць гэты геном у мясе. Магчыма, што ў Расеі яно з’явілася. І яны гатовыя даць гэтае абсталяванне Беларусі. То бок, праблема будзе рашацца.

Як падкрэслівае Леанід Злотнікаў, забарона закранула не ўсе беларускія прадпрыемствы, а толькі тыя, прадукцыя якіх была прызнаная няякаснай. Праблема паставак беларускага харчавання ў Расею абмяркоўваецца сёння на перамовах у Маскве. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

Плануецца сустрэча з віцэ-прэм’ерам ураду Расеі Аркадзем Дварковічам і кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што забаронай на пастаўкі беларускіх тавараў Расея пайшла на парушэнне ўсіх дамоўленасцяў у Мытным саюзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя