Леанід Злотнікаў: Цэны вырастуць яшчэ на 10-15%



Да новага года цэны вырастуць яшчэ на 10-15%, прагназуе Леанід Злотнікаў у інтэрв’ю для сайта „Хартыя-97”. Эканаміст адзначае, што адпаведна ў чарговы раз павысяцца кошты на камунальныя паслугі, бензін, падакцызныя тавары. У той жа час ва ўрадзе заяўляюць, што павышэнне заробкаў будзе ажыццяўляцца толькі ў сувязі з павелічэннем вытворчасці працы.

“Відавочна, улады зразумелі, што іначай ужо нельга”, – каментуе Леанід Злотнікаў нашаму радыё:

– Палітыка напампоўвання заробкаў, якая пачалася на пачатку 2012 года, напэўна спынілася. Гэта падавалася пад выглядам роста ВУП, значыць для павелічэння попыту, для ажыўлення эканомікі трэба падкінуць сюды грошай. Яна працуе на інфляцыю на самой справе, можа быць улады ўсвядомілі, што гэты рэцэпт не дапамагае, што ён вядзе толькі да інфляцыі і г.д.

Адзначым, што днямі ў Беларусі другі раз за год падаражэў бензін. Рост цэнаў склаў ад 4-х – да амаль 5%. Ад верасня абвешчана пра падаражэнне камунальных паслугаў у сярэднім на 10%.

Што тычыцца заробкаў, то эканаміст прыгадвае, што і Міжнародны валютны фонд, і Еўрапейскі банк развіцця рэкамендуюць уладам Беларусі спыніць рост заробкаў у існуючай эканамічнай сітуацыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя