Леанід Злотнікаў: У Расеі складваецца суровая эканамічная сітуацыя (абноўлена)



Адмова ў выдзяленні крэдыту ад Расеі і спадзяванні Беларусі на МВФ паказваюць, што ў самой Расеі ёсць значныя праблемы, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў. Еўразійскі банк да мая адклаў пералічэнне апошняга транша крэдыту для Беларусі. Маскоўская сустрэча не дала выразных вынікаў наконт фінансавай падтрымкі Масквы. Сама расейская гаспадарка паказвае значныя падзенні за апошнія месяцы, – адзначае Леанід Злотнікаў.

– У Расеі таксама і грошай мала, і ў іх за апошнія некалькі месяцаў рэальныя зарплаты знізіліся на 10%. І ў Беларусі за гэты ж час на столькі ж паменшылася. У Расеі ў насельніцтва грошай будзе хапаць толькі на аплату камунальных паслуг і харчаванне. То бок суровая сітуацыя складваецца ў Расеі. І Расея не дамовілася.

Летась Расея патраціла чацвёртую частку стабілізацыйнага фонду на падтрыманне сваёй эканомікі. Пры гэтым толькі 60 мільярдаў даляраў былі вылучаныя на падтрыманне курсу рубля, які, нягледзячы на гэтае ўліванне, абясцэніўся ў два разы.

* * *

Беларускі ўрад спадзяецца на крэдыт ад МВФ. Місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана пачала працаваць у Менску. Да 16 сакавіка пройдуць сустрэчы ва ўрадзе, у Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальным банку, міністэрствах эканомікі і фінансаў.

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч сёння адзначыў, што новая праграма супрацоўніцтва Беларусі з фондам гатовая? і ён спадзяецца, што яна неўзабаве запрацуе. Эканамічнай падставай для крэдыту МВФ з’яўляецца гатоўнасць праводзіць структурныя рынкавыя рэформы, а Беларусь да іх не гатовая, – кажа беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

– Як паказваюць падзеі, да рынку Беларусь не ідзе. Прыватная ўласнасць ёй не патрэбная, свабодыя цены – таксама і г.д. Мы не выканалі ўмовы ранейшага крэдыта, які ў 2009 годзе быў прадстаўлены. Абяцалі і тое, і гэтае, тое-сёе выканалі, але мала. Таму крэдыт як бы няма за што даваць. Але ёсць палітыка. Складаныя адносіны Расеі з Западам. Няпростыя адносіны Беларусі з Расеяй. То могуць па палітычным меркаванням і даць.

У канцы кастрычніка кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман заяўляў, што Міжнародны валютны фонд можа абмеркаваць з Беларуссю новую крэдытную праграму ў выпадку гатоўнасці беларускага ўрада да рашучых крокаў па рэфармаванні эканомікі. Ці атрымае Беларусь крэдыт ад МВФ стане вядома пры канцы працы місіі ў Менску.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя