Лемяшэўскі вярнуўся на акумулятарны завод у Берасці
Былога члена Савета па развіцці прадпрымальніцтва Віктара Лемяшэўскага можна залічыць да бенефіцыяраў апошніх двух крызісных гадоў, піша Office Life. За гэты час ён вярнуў сабе долю ў акумулятарным заводзе ў Берасці, павялічыў гандлёвы бізнес за кошт пакупкі рэгіянальнага дыстрыб’ютара, а зусім нядаўна ўклаўся ў віцебскі завод па вытворчасці гандлёвага абсталявання, які раней належаў інвестарам з Польшчы і Украіны.
Прозвішча пінскага прадпрымальніка стала шырока вядомым у 2018-2019 гадах у сувязі з яго чарговым інвестыцыйным праектам – будаўніцтвам пад кітайскі крэдыт завода акумулятарных батарэй “АйПауэр” пад Берасцем, супраць чаго выступіла грамадскасць і мясцовыя жыхары. Пасля Лемяшэўскі аказаўся фігурантам крымінальнай справы, звязанай з падрыхтоўкай праекту, і на некалькі месяцаў трапіў у СІЗА КДБ. Выйшаў пад заклад у канцы 2019 года. А ў траўні 2020 быў вымушаны прадаць “АйПауэр”. Цяпер, як бачым, сітуацыя змянілася, і Лемяшэўскі вярнуўся на акумулятарны завод.
Беларусь забараніла ўвозіць піва з Літвы і Польшчы
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, паводле якой у Беларусь забаронена ўвозіць піва з Польшчы і Літвы.
28 чэрвеня Савет міністраў РБ абнавіў забарону на ўвоз некаторых відаў сельгаспрадукцыі і ўвёў забарону на ўвоз з Польшчы і Літвы піва і слаба алкагольных напояў. Урадавая прэс-служба паведамляе, што агульная прычына забароны на экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання – недружалюбнасць краін іх паходжання. Аднак для забароны экспарту яблыкаў увялі выключэнне, іх можна будзе пастаўляць у перыяд з 1 па 31 ліпеня. Што тычыцца забароны на ўвоз з Літвы і Польшчы піва і слаба алкагольных напояў, то ён уводзіцца “з улікам вытворчасці аналагічнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь у дастатковых аб’ёмах”.
Паведамляецца, што забарона па ўсіх згаданых відах прадукцыі ўведзеная да 31 снежня 2023 года ўключна. Ці тычыцца забарона фізічных асоб, пакуль не вядома. (паводле “Белсат”)
Беларусь адгрузіла праз астраханскія порты 100 тысяч тон тавараў
Беларусь адгрузіла праз астраханскія порты 100 тысяч тон экспартных тавараў. Такія звесткі прыводзіць прэс-служба губернатара Астраханскай вобласці Ігара Бабушкіна па выніках яго сустрэчы з паслом Беларусі Дзмітрыем Крутым. “Працягваюцца пастаўкі з Беларусь праз Астрахаць па калідоры “Поўнач – Поўдзень” аўтатэхнікі, нафты і нафтапрадуктаў, лесу, паперы. Аб’ёмы за мінулы год склалі 100 тысяч тон”, – адзначылі ў прэс-службе.
Пасол Дзмітрый Крутой чакае, што сёлета аб’ём грузаў павялічыцца мінімум на 10 працэнтаў. (reform.by)
Колькасць работнікаў у эканоміцы зноў знізілася
Колькасць занятых у беларускай эканоміцы ў траўні склала крыху больш за 4,15 мільёна чалавек. Такія дадзеныя прыводзіць Белстат. І гэта менш, чым было ў сакавіку і красавіку, заўважыў Office Life.
Колькасць занятых у Беларусі скарачаецца ўжо даўно. У траўні працаўладкаваных стала яшчэ на 13,1 тысяч менш, пасля скарачэння ў сакавіку на 12,1 тысяч. Калі ж параўнаць лічбы занятасці адносна 2021 года, то акажацца, што колькасць занятых у эканоміцы за гэтым перыяд зменшылася амаль на 134 тысячы чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: БелТА (Віктар Лемяшэўскі).