Леанід Заіка: Трэба і самім вучыцца бездакорна працаваць



Эканаміст Леанід Заіка распавёў, якія ўрокі павінны зрабіць кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў пасля таго, як Расея пачала абмяжоўваць пастаўкі беларускай прадукцыі.

Днямі Расейская федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) абвясціў пра ўвядзенне ўзмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да мясной і малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца з 18 беларускіх прадпрыемстваў. Маўляў, з Беларусі ў Расею працягвае ўвозіцца жывёлагадоўчая прадукцыя, якая не адпавядае ветэрынарна-санітарным патрабаванням і нормам.

Леанід Заіка: Найперш хачу сказаць, што ніякай “гандлёвай вайны” тут няма. Давайце лепш падумаем, як у нас асвойваюцца сродкі на абсталяванне па дыягностыцы прадуктаў харчавання, і хто ў Беларусі разбіраецца ў якасці прадуктаў.

Раней гэтым займалася санстанцыя, якая правярала самыя простыя рэчы. Прыходзілі цёткі, з’ядалі агурок і казалі, што ён смачны, а значыцца прыдатны для продажу. Але зараз абсалютна іншыя патрбаванні да прадуктаў і абсалютна іншае абсталяванне для іх праверкі. За секунду можна вызначыць усе параметры. Думаеце, яно ёсць на кожным беларускім мясакамбінаце альбо малаказаводзе? Таму з гэтага найперш трэба пачынаць.

РР: Мяркуеце, Расея не ставіць штучныя бар’еры?

Леанід Заіка: Не выключаю, што сваіх вытворцаў яны кантралююць менш, але выснова з усёй гэтай сітуацыі такая: нам патрэбны высокваліфікаваныя спецыялісты ў лабараторыі не толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне.

Зрабіце, каб якасць прадуктаў была такая, каб ніякі Рассельгаснагляд не дачапіўся. Няхай будуць сумесныя лабараторыі з тымі ж расейцамі альбо казахамі. Трэба з сябе пачынаць і рабіць нейкія крокі, каб выправіць сітуацыю і бездакорна працаваць. Няякаснай прадукцыі быць не павінна. Калі ж лянуешся выправіць памылкі, то самі яны не выправяцца. І ў такім выпадку шукаюць ворагаў і заяўляюць пра “гандлёвыя войны”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя