Лепшыя банкі 2016 года названы ў Беларусі
Цырымонія ўзнагароджвання лепшых прадстаўнікоў банкаўскай сферы Беларусі прайшла ў Мінску 27 красавіка.
Гран-пры конкурсу „Банк года – 2016” атрымаў Белгазпрамбанк. Ён таксама заняў першае месца ў намінацыі „Лепшы сярод буйных банкаў” і другое месца ў намінацыі „Самы паспяховы іншаземны банк”, а яго кіраўнік Віктар Бабарыка прызнаны лепшым кіраўніком.
У намінацыях „Лепшы банк сярод сярэдніх і малых” і „Самы паспяховы іншаземны банк” лідарам стаў Пріорбанк. У намінацыі „Самы паспяховы крэдытор” першае месца заняў Тэхнабанк, у намінацыі „Самы лепшы рэгіянальны банк” перамог Белаграпрамбанк. Самым інавацыйным банкам выбраны БПБ-Ашчадбанк.
Уручана таксама міжнародная ўзнагарода – Інстытута сертыфікаваных фінансавых менеджараў ІСФМ (Вялікабрытанія) (намінацыя LUCA Awards вядучым прафесіяналам банкаўскага сектара Беларусі). Яе атрымаў галоўны бухгалтар Банка БелВЭБ.
Усяго, акрамя гран-пры, было ўручана 11 камплектаў узнагарод. Сярод атрымальнікаў статуэтак і дыпломаў – 13 банкаў.
Пераможцы конкурсу вызначаліся пры дапамозе аналізу колькасных і якасных паказчыкаў, а таксама ацэнкі экспертаў. У аснову пакладзены лічбы са зводных бухгалтарскіх балансаў, якія фінансавыя ўстановы падалі для справаздачнасці ў Нацбанк. Сярод галоўных крытэрыяў – рэнтабельнасць актываў, рэнтабельнасць уласнага капіталу, каэфіцыент Cost Income Ratio. Для замежных банкаў важным было значэнне перавышэння велічыні патрабаванняў да нерэзідэнтаў Беларусі над аб’ёмам сродкаў, прыцягнутых ад нерэзідэнтаў. У шэрагу намінацый вырашальную ролю адыграла ацэнка экспертнай камісіі. У яе ўвайшлі 11 спецыялістаў у пытаннях эканамічнай, фінансавай і банкаўскай сферы. Конкурс прайшоў пры кансультацыйнай падтрымцы Нацбанка.