Леў Марголін: Беларускія ўлады своечасова схапіліся за галаву



З 19 жніўня Україна і Беларусь вяртаюцца да зоны свабоднага гандлю. Эканаміст Леў Марголін адзначае, што такі зыход падзеяў быў прадказальны, але праз нейкі час гандлёвы канфлікт можа адбыцца ізноў.

Леў Марголін

З сённяшняга дня ўкраінскі бок адмяняе спецыяльныя пошліны на ўвоз некаторых груп беларускіх тавараў. У сваю чаргу Беларусь адмяняе ліцэнзіі на імпарт шэрагу ўкраінскіх тавараў.

Нагадаем, што ў красавіку–маі 2014 года Беларусь увяла ліцэнзіі на некаторыя імпартныя тавары, у прыватнасці на піва, макаронныя і кандытарскія вырабы, цэмент, шкло. Тлумачылася гэта неабходнасцю ўпарадкаваць асобныя сегменты ўнутранага рынку. У адказ Украіна ўвяла высокія мытныя пошліны (больш за 55%) на беларускія халадзільнікі, шыны, угнаенні, малочную прадукцыю.

Зараз абмежаванні адменены як беларускім, так і ўкраінскім урадамі.

Леў Марголін: Такое рашэнне было прадказальным. На мой погляд, калі Беларусь уводзіла ліцэнзаванне на некаторыя ўкраінскія тавары, тут было і палітычнае памкненне ва ўгоду Расеі. А затым жа падлічылі, як гэта адаб’ецца не толькі на ўкраінскай эканоміцы, але і на ўласнай. Нікому ж не хочацца цярпець за кагосьці другога.

РР: Ці істотна пацярпела беларуская эканоміка пасля ўвядзення абмежаванняў?

Леў Марголін: Не вельмі, бо не паспела. Але страты маглі б быць вялікімі, калі б сталі настойваць на сваім. Таму своечасова схапіліся за галаву і адмянілі папярэднія рашэнні. Зараз страты можна нагнаць.

РР: Масква, напэўна, не вельмі задаволеная такім рашэннем?

Леў Марголін: Натуральна, але, магчыма, ёсць нейкі маўклівы кансенсус, што тыя ж Беларусь і Казахстан будуць падтымліваць Расею, але да таго часу, пакуль гэта не будзе наносіць урону іх уласным эканомікам. Я думаю, што дэ-факта Крэмль з гэтым пагадзіцца, бо інакш па міжнародных правілах можна патрабаваць кампенсацыю. Маўляў, калі вы жадаеце бачыць нашы абмежаванні з Украінай, то кампенсуйце страты. А гэта не ў інтарэсах Расеі ў сёняшняй сітуацыі.

РР: Ці магчыма паўтарэнне гандлёвых канфліктаў з Украінайі?

Леў Марголін: Выключаць гэта нельга. Пройдзе некалькі месяцаў, камусьці яшчэ прыйдзе нейкая ідэя ў галаву… У нас жа няма такой эканамічнай палітыкі, якая б пралічыла ўсе наступствы тых ці іншых дзеянняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя