Леў Марголін: Для Літвы пытанне Беларускай АЭС прынцыповае



Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, ці знойдуць літоўскі і беларускі бакі кампраміс па атамнай электрастанцыі.

Літоўскі бок адхіліў запрашэнне Фінляндыі на трохбаковыя кансультацыі з Беларуссю па Беларускай АЭС, якая пабудавана на мяжы з Літвой.

Таксама літоўскі бок катэгарычна адмаўляе перспектывы пакупкі электраэнергіі з гэтай АЭС.

Леў Марголін: Трэба зыходзіць з таго, што атамная электрастанцыя ўжо існуе, і каштуе яна дастаткова вялікія грошы. Таму, натуральна, ніхто закрываць яе не збіраецца, нягледзячы на ўсе пратэсты і спрэчкі на гэтую тэму.

У гэтым выпадку застаецца толькі адно – знаходзіць нейкія шляхі паразумення з суседзямі. Магчыма, варта даць літоўцам нейкія правы, каб яны мелі магчымасць пастаянна маніторыць сітуацыю на АЭС. Для гэтага якраз і неабходны пасярэднік, які пасадзіць за стол два бакі і спакойна патлумачыць сітуацыю і прапануе кампраміс.

Але не факт, што гэта ўдасца. Усё-такі Фінляндыя знаходзіцца не побач з атамнай электрастанцыяй. Хаця ініцыятыва пасярэдніцтва мае права на існаванне.

РР: На Ваш погляд, ці пагодзяцца ўсё-такі літоўцы купляць беларускую электраэнергію?

Леў Марголін: Думаю, пра гэта пакуль нават гаворкі не ідзе, бо гэта пытанне прынцыповае. Літва будзе купляць электраэнергію з Беларускай АЭС у выпадку, калі зусім патрапіць у безвыходнае становішча, альбо калі электраэнергія будзе каштаваць на парадак танней, чым з іншых крыніц. Мяркую, нейкі нейтралітэт па гэтым пытанні усё-такі будуць шукаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by