Леў Марголін: Гэта не рост заробкаў, а ваганні



Намінальны (да выплаты падаткаў) налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку склаў 1123,4 рубля, паведамляе Белстат. У верасні сярэдні заробак складаў 1108,5 рубля.

Леў Марголін: З аднаго боку трэба сказаць, што чыноўнікі выконваюць даручэнні ўрада падвышаць сярэдні заробак, таму вымушаны паказваць хаця б бачнасць прагрэсу.

Па-другое, такі рост (на 15 рублёў) цяжка і ростам назваць. Хутчэй гэта – часовыя ваганні. І я не ўпэўнены, што ў наступным месяцы тэндэнцыя на рост заробкаў працягнецца, хаця трэба адзначыць, што напрыканцы года звычайна заробкі і насамрэч падвышаюцца. Але ўжо ў студзені наступнага году ізноў адбываецца падзенне.

РР: Ці будуць расці заробкі, калі пачнецца прэзідэнцкая кампанія?

Леў Марголін: Крыху, магчыма, і вырастуць, бо ўлады маюць магчымасці падвысіць заробак бюджэтнікам. Але, відаць, будуць рабіць гэта вельмі абачліва, бо добра ведаюць, чым гэта заканчваецца.

А тыя, хто сёння кіруе Нацбанкам і ўрадам, яшчэ лепш разумеюць, да чаго гэта можа прывесці. Таму нават, калі будзе нейкі ціск з боку вярхоўнай улады з мэтай падвышэння заробкаў, гэтаму, хутчэй за ўсё, будзе аказаны супраціў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя