Леў Марголін: Калі ёсць попыт, то з’яўляецца і прапанова.
Эканаміст Леў Марголін выказаўся пра тое, чаму некаторыя крамы сталі прадаваць прадукты харчавання ў крэдыт.
Нагадаем, што не так даўно стала вядома, што на сервісе “Е-дастаўка” можна заказаць прадукты ў крэдыт. Гэта выклікала шмат абмеркаванняў.
Леў Марголін: Такая паслуга будзе карыстацца ў часткі насельніцтва попытам, бо некаторыя людзі, калі грошай не хапае, нават бяруць хуткія крэдыты пад 300 адсоткаў гадавых. І гэтыя грошы таксама нярэдка трацяцца на ежу. Дык чаму яны не могуць скарыстацца новай паслугай?
РР: Няўжо ў людзей зусім няма грошай, каб купляць прадукты ў крэдыт?
Леў Марголін: Розныя жыццёвыя сітуацыі здараюцца. Калі халадзільнік зусім пусты і няма чаго есці, то чалавек мала думае, ці ёсць сэнс у той ці іншай паслузе. На павестцы дня ў такога чалавека – паесці, а ўсё астатняе – на трэцім плане. Таму такі крэдыт – гэта лепш, чым аднесці ў ламбард тэлевізар ці нешта яшчэ. Крэдыты будуць браць, а калі ёсць попыт, то будзе і прапанова.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя