Леў Марголін: Хочуць хоць кроплі назбіраць



Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму беларускія ўлады кінуліся ствараць нафтавыя запасы.

Днямі беларускі кіраўнік заявіў, што на непрадбачаныя выпадкі неабходна ствараць сур’ёзны запас нафты і паліва, бо зараз кошт нафты вельмі нізкі.

Леў Марголін: Гэта мне нагадвае жаданне гаспадара паставіць бочку пад дах, з якога капае вада пасля дажджу. Трэба разумець, што Беларусь выкарыстоўвае 24 мільёны тон нафты ў год. І дзе можна назбіраць такіх ёмістасцяў, каб назапасіць нафту альбо нафтапрадукты?

Можна зрабіць запасы на два тыдні альбо на месяц-два, але не больш.

РР: Але чаму б і не скарыстацца магчымасцю набыць нафту ў час, калі яна моцна патаннела?

Леў Марголін: Нічога дрэннага ў гэтым няма. Калі чалавек прыйшоў у магазін і ўбачыў, што нейкі тавар патаннеў у тры разы, бо выстаўлены на акцыю, то можна набыць і дзве адзінкі такога тавара. Пакладзем на паліцу і будзем думаць, што ў будучыні можа спатрэбіцца.

Але гэта не вырашэнне праблемы ў цэлым. Купіць танную нафту – натуральнае жаданне, але, па вялікім рахунку, яно вялікага надвор’я для беларускай эканомікі не зробіць.

Будаваць пад запасы нафты нейкія рэзервуары – гэта таксама той выпадак, калі мэта не апраўдвае сродкі. Гэта ж не газ, які можна захоўваць у ёмістасцях натуральнага паходжання.

Акрамя таго, зусім магчыма, прайшоў час, калі нафта каштавала дорага. Не выключана, што яе кошт і застанецца ў межах 30 даляраў за тону.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя