Леў Марголін: Можа ўзрасці попыт на грашовыя банкаўскія сродкі
Эканаміст Леў Марголін пракаментаваў чарговае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.
«З 1 ліпеня 2016 года зніжаецца стаўка рэфінансавання — з 22% да 20% гадавых. Акрамя таго, зніжаюцца стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі бягучай ліквіднасці банкаў (з 27% да 25% гадавых) і стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці банкаў (з 15% да 13% гадавых)», — растлумачылі ў Нацбанку.
Леў Марголін: Я думаю, у Нацбанка ёсць падставы знізіць стаўку. Рэгулятар кіруе не толькі стаўкай рэфінансавання, але і грашовай масай. Калі грашовая маса зніжаецца і ў перспектыве расці не будзе, то можна знізіць стаўку. І, суадносна, інфляцыю будуць стрымліваць. Напрыклад, калі стаўка рэфінансавання 20 адсоткаў, то інфляцыя – не больш 15-16 адсоткаў. Гэта дапаможа тым, хто захоўвае ў банках грошы, мець хоць і невялікі, але ўсё ж прыбытак.
РР: Стаўкі па дэпазітах таксама знізяць?
Леў Марголін: Безумоўна. Банкі толькі і чакаюць зніжэння ставак, бо адначасова яны могуць знізіць і стаўкі па крэдытах. А гэта значыць, што можа ўзрасці попыт на грашовыя банкаўскія сродкі. Зараз браць крэдыт пад 22 адсоткі — таксама шмат, але гэта лепей, чым пад 26.
РР: Рублёвыя ўклады застануцца прывабнымі?
Леў Марголін: Думаю, што масава забіраць грошы народ не будзе, бо людзі бачаць, што курс даляра стаіць на месцы. А, калі і будзе расці, то не чакаецца вялікага росту. Нацыянальны банк вядзе дастаткова гнуткую палітыку ў гэтай галіне.
РР: Ці працягне зніжацца стаўка рэфінансавання?
Леў Марголін: Усё залежыць ад сітуацыі. Калі тыя, хто кіруе грашовай масай, змогуць адстаяць сваю пазіцыю, стаўка рэфінансавання будзе зніжацца і надалей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя