Леў Марголін: МВФ – гэта запасны варыянт
Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму атрымаць крэдыт МВФ будзе няпроста.
Беларускія ўлады аднаўляюць перамовы з Міжнародным валютным фондам. Яны працягваюцца ўжо некалькі гадоў, але МВФ пакуль не пайшоў на тое, каб выдаць краіне крэдыт.
Леў Марголін: Перамовы не прыйшлі пакуль да рэальных вынікаў і, напэўна, у бліжэйшай будучыні не прыйдуць. Міжнародны валютны фонд вызначыў пэўныя крытэры, па выкананні якіх і будзе вырашацца грашовае пытанне. І сярод іх ёсць такія, якія абсалютна непрымальныя для беларускіх уладаў. Найперш – гэта прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці. Там ёсць яшчэ і адсутнасць перакрыжаванага субсідавання, але гэта больш прымальны варыянт, бо мы бачым, што камунальныя паслугі для насельніцтва пакрысе падвышаюцца. Думаю, неўзабаве яны зраўняюцца з плацяжамі для прамысловых прадпрыемстваў. А вось на прыватызацыю дзяржава катэгарычна не хоча ісці, бо баяцца згубіць магчымасць кіраваць прадпрыемствамі і магчымасці ўплываць на вельмі вялікія масы працоўных, якія зараз знаходзяцца пад пільным кантролем ідэалагічных актываў. Але, калі сітуацыя будзе безвыходнай, то прыйдзецца нешта рабіць і ў гэтым накірунку. Хаця, як мне падаецца, будуць спробы зрабіць усё такім чынам, каб рэальна нічога не змяняць. Праўды, Міжнародны валютны фонд ужо вельмі добра разбіраецца ў хітрыках беларускай улады, таму будзе вельмі цяжка іх падмануць.
РР: Адным словам, перамовы з МВФ – гэта своесааблівы запасны варыянт?
Леў Марголін: Безумоўна. Па-першае, ніколі не патрэбна адмаўляцца ад запаснога варыянта, хаця, магчыма, ён нават і не спатрэбіцца. У мінулым жа годзе, напрыклад, і так знайшліся грошы. Па-другое, людзі ў кіраўніцтве Міжнароднага валютнага фонда таксама змяняюцца. Сёння там адны працуюць, а заўтра іншыя. А раптам удасца некага пераканаць, што Беларусі трэба даць крэдыт і без рэформ? Маўляў, прафінансуйце нас зараз, а ўжо затым мы пойдзем сямімільнымі крокамі ў накірунку рэфармавання эканомікі. Таму перамовы ў любым выпадку будуць працягвацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя