Леў Марголін: Нашыя прадпрыемствы нікому не цікавыя
«Прадпрыемствы, выстаўленыя беларускімі ўладамі на продаж, наўрад ці будуць некаму цікавыя.
Наступаем на тыя самыя граблі, занадта высокія інвестыцыйныя чаканні чыноўнікаў,» – кажа эканамічны эксперт Леў Марголін, каментуючы спіс беларускіх прадпрыемстваў, якія ўлады плануюць прадаць:
– З аднаго боку – ўрад, які разумее, што патрэбныя грошы, і трэба пазбаўляцца неэфектыўных прадпрыемстваў, якія толькі патрабуюць новых укладанняў. А з другога боку, бачная рука Лукашэнкі, які неаднаразова заяўляў, што мы не будзем за капейкі прадаваць нашыя прадпрыемствы. Калі вы згодныя з нашымі ўмовамі – прыхадзіце, бярыце.
Як адзначае Леў Марголін, ураду ўдалося пераканаць кіраўніка Беларусі ў неабходнасці вярнуцца да практыкі прыватызацыйных спісаў, ад якіх адмовіліся тры гады таму.
Прыгадаем, што вызначаны спіс прадпрыемстваў на продаж у гэтым годзе. У спісе – 60 акцыянерных таварыстваў. Дзяржава гатова прадаць увесь свой пакет, які вагаецца ад дзесяці – да ста працэнтаў акцый.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя