Леў Марголін: Наўрад ці Расея ў патрэбным аб’ёме падтрымае Беларусь
Ці падтрымае Масква афіцыйны Менск ва ўмовах увядзення сектаральных санкцый Еўразвязу?
Эканаміст Леў Марголін лічыць, што на падтрымку Крамля ўладам Беларусі разлічваць не варта.
– Мне здаецца, што зараз Расея будзе казаць, што мы ўсё адсочваем, падтрымліваем нашых братоў, але разлічваць на тое, што Расея раптам перадумае і замест паўтара мільярда, якія абяцалі, але дагэтуль яшчэ цалкам не перадалі Беларусі, што яны замест гэтага дадуць, скажам, 10 мільярдаў, на мой погляд, на гэта і спадзявацца не прыходзіцца.
Раней Еўразвяз упершыню ўвёў сектаральныя санкцыі супраць Беларусі, забараніўшы ў прыватнасці імпарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Гэта не менш за 13% усяго экспарту краіны ў Еўропу. У гэтых умовах Аляксандр Лукашэнка ў адказ не выключае ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя