Леў Марголін: Праз санкцыі могуць адстрэліць сабе нагу
Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, хто больш страціць, калі беларускія ўлады прыменяць эканамічныя санкцыі да краін Балтыі.
Нагадаем, што краіны Балтыі ўвялі санкцыі да беларускіх уладаў самастойна і забаранілі ўезд на тэрыторыю Літвы, Латвіі і Эстоніі 30 беларускім чыноўнікам, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.
Лукашэнка ў сваю чаргу паабяцаў эканамічны адказ – у прыватнасці, ён заявіў, што можа закрыць межы пад Берасцем і Гародняй, а таксама пераарыентаваць усе гандлёвыя патокі з партоў Літвы на іншыя, напрыклад, расейскія.
Леў Марголін: Калі ўлады збіраюцца ўводзіць да краін Балтыі эканамічныя санкцыі, то можа атрымацца так, што самі сабе нагу адстрэляць. Бо рабіць гучныя заявы – гэта адно. Але, спадзяюся, што тыя, хто адказвае за эканамічны блок (у першую чаргу кіраўнік урада), яны дзесяць раз падумаюць, чым прыняць рашэнне.
Беларусь – транзітная краіна. І калі мы пачнем мерацца з іншымі, хто каму больш зробіць шкоды, то лік будзе не на нашу карысць.
Напрыклад, гучаць заявы, што Беларусь можа адмовіцца ад карыстання портам у Клайпедзе для адпраўкі нашых калійных угнаенняў, іншых тавараў. Але той самы тэрмінал у Клайпедзе – напалову беларускі. І калі гэты тэрмінал мы пакінем без працы, то самі будзем цярпець страты.
РР: Было паведамленне, што зараз Масква і Менск разглядаюць магчымасць аб выкарыстанні расейскіх портаў замест балтыйскіх. Ці будуць тут страты?
Леў Марголін: Безумоўна, будуць. Бліжэйшы да нас расейскі порт – здаецца, у Санкт-Пецярбургу. Туды адлегласць удвая большая, чым у порт Клайпеды. І нават, калі Расея прадаставіць нейкія ільготы, то гэта не кампенсуе ўсе страты.
У дадатак трэба разумець, што калі Беларусь увядзе эканамічныя санкцыі да некаторых краін Еўразвяза, да якіх адносяцца Эстонія, Латвія і Літва, то ўвесь Еўразвяз можа ўвесці санкцыі да Беларусі. І ўжо не персанальныя. Не думаю, што ў перавозчыкаў з Еўразвяза будуць вялікія страты, калі яны будуць перавозіць тавары не праз Беларусь, а, скажам, праз Украіну. А вось наша краіна можа на гэтым страціць вельмі шмат.
Беларусь, як маленькая краіна з адкрытай эканомікай, нашмат больш залежыць ад розных транзітаў і эканамічных сувязяў з суседзямі, чым суседзі. І Расея можа абысціся без Беларусі, і Еўропа. А вось Беларусь на сённяшні дзень не можа абысціся ні без Еўразвяза, ні без эканамічных стасункаў з Расеяй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя