Леў Марголін: У „цукровай справе” прысутнічае расейскі фактар



Эканаміст Леў Марголін выказвае здагадкі, што можа стаяць за чарговай гучнай крымінальнай справай.

Нагадаем, што СМІ паведамілі пра затрыманні кіраўнікоў беларускіх цукровых заводаў, а таксама пра “знікненне” кіраўніцтва Беларускай цукровай кампаніі, якая прадстаўляе інтарэсы прадпрыемстваў у Расеі. Сілавыя структуры з гэтай нагоды пакуль ніякіх каментароў не даюць.

Леў Марголін: У сувязі з гэтай сітуацыяй я прыгадваю падзеі, якія адбываліся ў пачатку 2000-х гадоў. Тады таксама было некалькі гучных крымінальных спраў, калі дырэктараў прадпрыемстваў кінулі за краты за тое, што яны нібыта збывалі прадукцыю ў Расею і іншыя краіны па заніжаных коштах і, тым самым, як быццам, атрымоўвалі нейкія асабістыя выгоды. Але потым уся справа сышла на „не”, бо стала зразумела: іншага выйсця ў гэтых прадпрыемстваў не было, як не было там і асабістай зацікаўленасці.

Цукровыя прадпрыемствы могуць гандляваць прадукцыяй на тэрыторыі Беларусі па тых коштах, што ёсць, можна нават абмяжоўваць паступленні ў краіну расейскага цукру, каб беларускі лепш прадаваўся. Але прадаваць па завышаных коштах на іншых рынках немагчыма. І ў такой сітуацыі два варыянты: альбо не прадаваць зусім, альбо прадаваць па тых коштах, якія ёсць на іншых рынках.

РР: Калі не гандляваць зусім не знешнім рынку, то трэба скарачаць вытворчасць?

Леў Марголін: Так. Да таго ж, трэба разумець, што цукровыя заводы – гэта сезонныя прадпрыемствы, якія працуюць толькі некалькі месяцаў на год, а астатні час яны стаяць.

Калі скараціць вытворчасць, то цукар стане яшчэ больш даражэйшым. Такая сітуацыя і склалася напачатку 2000-х гадоў з некаторымі іншымі прадуктамі харчавання. Дзяржава спрабавала знайсці вінаватых, але праз час крымінальныя справы самі па сабе затухлі, таму што ўсе зразумелі, што іншага выйсця ў кіраўнікоў прадпрыемстваў не было.

Таму, думаю, практычна такі ж самы лёс чакае і гэтую “цукровую справу”, бо не веру я ў тое, што ўсё кіраўніцтва цукровых заводаў ледзь не дзяржаўны пераварот рыхтавала. Мне падаецца, што гэтая справа – спроба вырашэння пытанняў, якія насамрэч ёсць, бо людзей турбуе, чаму ў Расеі беларускі цукар прадаецца ў два разы танней, чым у Беларусі. І нашы сілавікі не знайшлі іншых падыходаў акрамя гэтага.

РР: На вашу думку, у гэтай справе ў любым выпадку прысутнічае расейскі фактар?

Леў Марголін: Безумоўна, бо ў Расеі ўсё такі больш-менш, але ёсць рынкавыя ўмовы. І калі яны не могуць прадаваць даражэй, чым дыктуе рынак, то і не прадаюць. А беларускія вытворцы вымушаны пад гэта падстройвацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя