Леў Марголін: За год Беларусь згубіла 70 тыс. працоўных месцаў
Анатоль Лябедзька перад Трактарным заводам прэзентаваў праграму “Мільён новых працоўных месцаў”.
Намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін (на здымку) адзначыў, што праграма АГП асабліва патрэбная і надзённая, бо ў беларускай эканоміцы ўсё болей і болей праблемаў, а цяпер яшчэ ўзнікаюць вялікія цяжкасці з занятасцю:
– З’явіліся праблемы з няпоўным рабочым тыднем. Па статыстыцы, беларуская эканоміка за год згубіла каля 75 тыс. працоўных месцаў. І гэта толькі пачатак, гэты працэс будзе толькі нарастаць. І для таго, каб згубіць мільён, ужо не спатрэбіцца 15 год. Я думаю, што калі нічога не рабіць, то ў Беларусі застануцца лічаныя працоўныя месцы. Людзі вымушаныя будуць шукаць працу недзе за мяжой і перасылаць сюды сваім сем’ям, сваім бацькам, дзецям грошы.
На думку Льва Марголіна, для таго, каб з’явілася мноства новых працоўных месцаў, трэба найперш перастаць ціснуць на дробны бізнес, а таксама зрабіць незалежнымі суды, каб замежныя інвестары маглі ўпэўнена крочыць у нашу краіну. Таксама, эканаміст нагадаў пра неабходнасць навуковага аналізу, каб даведацца, якія беларускія мерапрыемствы яшчэ можна рэфармаваць, а якія трэба адразу зачыніць і не траціць на іх грошы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Менск