Леў Марголін: Заробкі можа і будуць расці, але рубель будзе падаць



Ніякіх “рэзкіх рухаў” у эканамічнай сферы не будзе, паколькі наперадзе – прэзідэнцкая выбарчая кампанія.

Эканаміст Леў Марголін падкрэслівае, што Лукашэнка будзе “абірацца” далёка не першы раз, і за гэтыя гады засвоіў простае правіла: што ніякіх рэзкіх рухаў у выбарчы перыяд рабіць нельга. У нашым эфіры эксперт спрагназаваў, чаго чакаць беларусам у бліжэйшы час:

– Лукашэнка ўжо паабяцаў, што будуць двойчы падвышаны пенсіі. Будуць расці, безумоўна, і заробкі, перш за ўсё ў бюджэтнікаў. А гэта будзе надалей аслабляць беларускі рубель. То бок, можа сярэдняя зарплата і сярэдняя пенсія ў рублёвым вылічэнні будуць расці, але ў рэальным маштабе, у валютным вылічэнні, яны будуць толькі падаць. І гэта абавязкова падоўжыцца як мінімум да прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле афіцыйных звестак, сярэдні намінальны налічаны заробак у лютым гэтага году знізіўся на чатыры рублі ў параўнанні са студзенем, і склаў 977 рублёў 60 капеек. Найбольш зараблялі ў Менску – 1 382 рублі, а найменш – у Магілёўскай вобласці, дзе ўсяго 810 рублёў. Улады ў чарговы раз абяцаюць, што сярэдні заробак да канца году складзе больш за тысячу рублёў. Каментуе Леў Марголін:

– Па-першае, тысячу абяцаюць нядаўна. Раней абяцалі 500 даляраў. І тысяча – гэта таксама такі невялікі хітрык, бо калі беларускі рубель становіцца больш слабым, то тысяча таксама становіцца ўсё меней і меней. Сёння тысяча гэта ўжо не 500 даляраў. А праз год, я думаю, яна будзе далёка не 500 даляраў. А большага беларуская эканоміка проста не можа вытрымаць.

Нядаўна падчас нарады па рэгіянальным развіцці Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што яго патрабаванні па росце заробкаў не выконваюцца. Паведамляецца, што летась толькі 10 са 128 раёнаў і гарадоў мелі заробак, вышэйшы за сярэдні па краіне. Пры гэтым у Магілёўскай вобласці няма ніводнага такога раёна ці горада. За студзень – люты сітуацыя кардынальна не змянілася, акрамя таго, сярэдні заробак зніжаецца другі месяц запар.

Цалкам матэрыял:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя