Леў Марголін: Зручны час купляць жыллё



Эканаміст Леў Марголін кажа, што цяпер добры час, каб набыць жыллё, але ў беларусаў няма на гэта грошай.

Леў Марголін

У Менску цэны на нерухомасць апусціліся на 9-гадовы мінімум. Цана прапановы квадратнага метра ў Менску знізілася да $1268. Гэта звесткі штотыднёвага падліку, апублікаванага Realt.by.

Леў Марголін: Нягледзячы на тое, што цэны на квадратныя метры зніжаюцца, беларусы не кінуцца скупляць жыллё, бо любая з’ява мае пад сабой нейкі аб’ектыўны падмурак. У дадзеным выпадку ён заключаецца ў тым, што ў людзей стала менш грошай. Знізіўся попыт, а прапанова застаецца дастаткова вялікай, а можа нават і павялічылася. Таму што зараз і здаваць у арэнду жыллё таксама невыгодна. Цэны зніжаюцца, і гэта аб’ектыўная сітуацыя. Яны пойдуць уверх, калі вырасце попыт.

РР: Чаму ў Беларусі былі такія касмічныя цэны на кватэры? Жыллё ў сталіцы каштавала нават больш, чым у Германіі…

Леў Марголін: Тут прысутнічаў і спекулятыўны момант з боку забудоўшчыкаў, і разуменне, што ўсё-такі ўкладанне грошай у нерухомасць – гэта добрая інвестыцыя. Напэўна, згуляў ролю і той фактар, што камунальныя паслугі былі вельмі танныя, бо ўтрымліваць жыллё не вымагала вялікіх грошай. Той, хто набываў некалькі кватэраў, не думаў пра “камуналку”. А ў той жа Германіі такі нумар не прайшоў бы. Там, калі набыў кватэру, але яе не выкарыстоўваеш, дык ўмовы будуць вельмі жорсткія. Акрамя таго, некалькі гадоў таму на рынку ў Беларусі адчуваўся недахоп жылля, якое лёгка можна было здаць у арэнду па добрых цэнах. Усё гэта разам і прывяло да таго, што цэны на кватэры раслі, як на дражджах.

РР: Ці выгадна сёння ўкладаць грошы ў нерухомасць?

Леў Марголін: Безумоўна. Калі ў чалавека ёсць грошы, я б параіў менавіта цяпер і набываць жыллё. Сітуацыя ў эканоміцы можа змяніцца, а значыцца, і цэны на квадратныя метры пачнуць расці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя