Леў Марголін: Можа пацярпець беларускі спажывец



Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла са зваротам да прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з заклікам неадкладна ўрэгуляваць адносіны з афіцыйным Кіевам і спыніць гандлёвую вайну, паведамляе прэс-служба партыі.

АГП заклікае беларускі ўрад адмяніць пошліны ў дачыненні да ўкраінскай прадукцыі і тым самым зняць рост напружання паміж Кіевам і Менскам. Паводле эканаміста, сябра партыі Льва Марголіна, звычайны беларускі спажывец ад рашэнняў беларускіх уладаў можа толькі пацярпець:

– Тыя, хто прызвычаіліся да ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў, або да ўкраінскага піва – будуць нязручнасці. Будзе рост цэн. І г.д. Усё залежыць яшчэ ад таго, на якім этапе будзе скончана гэтая вайна. Калі гэта толькі тое, што зараз ёсць, калі гэта не на працяглы час, пакупнік можа гэтага нават і не заўважыць. Калі гэта працягнецца і будзе яшчэ пагаршацца – то нічога добрага чакаць ад гэтага не прыходзіцца.

Нагадаем, украінскія ўлады ў адплату за блакіроўку кандытарскіх вырабаў і піва, увялі спецыяльную пошліну – 55% ад мытнага кошту – на шэраг беларускіх тавараў. Гэта кандытарскія вырабы, малочная прадукцыя, электрычныя лямпы напальвання і ўгнаенні.

Таксама новая пошліна ў 60% будзе блакаваць беларускае піва, шыны і некаторыя віды халадзільнікаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя